Спорт супраць курэння

Общество

0x200Аматары спартыўнага ладу жыцця 20 лістапада сабраліся ў школе №1, каб спаборніцтвамі па настольным тэнісе выступіць супраць шкоднай звычкі — курэння. Адразу на ўваходзе арганізатары мерапрыемства праводзілі акцыю “Мяняй цыгарэту на цукерку”.

Спаборніцтвы па настольным тэнісе, прымеркаваныя да Міжнароднага дня адмовы ад курэння, ладзяцца ўжо не першы год і карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў горада і раёна. У іх можна ўдзельнічаць як у камандным заліку, так і індывідуальным. У гэтым годзе паступіла шэсць камандных заявак. Гэта каманды з РАНС, “Браслаў-камунальніка”, райпа, Беларусбанка, АТП №18 і гімназіі. У індывідуальным парадку заявіліся 7 чалавек з Браслава і Слабодкі.

Дырэктар РФСК “Дрывяціч” Крысціна Плошчанка зазначыла, што арганізатараў мерапрыемства парадавала, што браслаўчане з зацікаўленасцю адгукнуліся на прапанову, а гэта значыць, што спорт і здаровы лад жыцця у іх прыярытэтах займае не апошняе месца.

Сярод жанчын перамогу ўпэўнена атрымала Святлана Мацкевіч з гімназіі, другое і трэцяе месцы падзялілі Марына Чарнамордая і Аляксандра Крот. Сярод мужчын перамог Артур Капніноў, другую і трэцюю прыступку пераможнага п’едэстала занялі Іосіф Раманцэвіч і Аляксандр Янковіч.

У агульнакамандным заліку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першай стала каманда з РАНС, другімі — прадстаўнікі гімназіі, трэцімі — АТП № 18.

Алена Набеева.

Фота аўтара.