Цікавая сустрэча

Новости


67780x200Адным з накірункаў работы дзіцячай бібліятэкі з’яўляецца прафарыентацыя школьнікаў. Бібліятэкары ўстановы пастаянна ладзяць для дзяцей цікавыя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Вось і на мінулым тыдні дзевяцікласнікі СШ№1 сустрэліся ў сценах бібліятэкі з пракурорам Браслаўскага раёна Юрыем Кезікам.

Мерапрыемства “Калі закон выканае кожны…” прымеркавалі да Сусветнага дня праў дзіцяці, які штогод адзначаецца 20 лістапада. Нягледзячы на сваю занятасць, пракурор знайшоў час, каб сустрэцца і пагутарыць са школьнікамі, з задавальненнем адказаў на іх пытанні.

Часам дзеці па няведанні ці з-за сваёй нявопытнасці трапляюць у здарэнні, адзначыў напачатку гутаркі пракурор. Таму ён яшчэ раз нагадаў падлеткам пра іх абавязкі, а таксама расказаў пра адказнасць за дрэнныя ўчынкі. Асобна спыніўся ён на дзейнасці пракуратуры, расказаў пра яе структуру, чым займаюцца супрацоўнікі, якія пытанні ім даводзіцца вырашаць і як вядуцца справы. Паказаў Юрый Кезік і галоўныя дакументы пракурораў — Крымінальны, Грамадзянскі кодэксы і аб адміністрацыйных правапарушэннях. А яшчэ расказаў пра некаторыя, самыя складаныя справы, якія вялі супрацоўнікі пракуратуры за апошні час.

Гутарка прайшла дынамічна і канструктыўна. Дзеці не толькі слухалі, але і актыўна задавалі пытанні. Іх цікавіла, дзе можна атрымаць юрыдычную спецыяльнасць, ці цяжка маральна працаваць у такой сферы, наколькі крымінагенная абстаноўка ў нашым раёне, а таксама пра адказнасць за некаторыя правапарушэнні, што часцей за ўсё ўчыняюць дзеці.

Напрыканцы гутаркі Юрый Кезік яшчэ раз нагадаў школьнікам, што сяброўства з законам заўжды на карысць чалавеку, і яны пра гэта павінны памятаць.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.