Першы юбілей

Главное


9300x200Пагранічная застава “Плюсы” на мінулым тыдні прымала шмат гасцей. Для гэтага была прыемная нагода — тут адзначалі яе першы юбілей. Урачыстасці прайшлі ў аўторак і сталі значнай падзеяй для былых і сённяшніх ваеннаслужачых заставы, мясцовага насельніцтва, а таксама ўсяго Полацкага пагранічнага атрада.

Такая знамянальная падзея — падстава азірнуцца назад і звярнуцца да гісторыі. Дзесяць гадоў таму назад, 10 лістапада 2005 года, застава, пабудаваная па праграме абсталявання знешніх межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, упершыню адчыніла свае дзверы. Мінула толькі дзесяцігоддзе, але сёння яна заслужана лічыцца адной з самых абсталяваных у тэхнічным плане і моцнай у кадравым. За гэты час застава набыла статус лепшай не толькі ў атрадзе, але і ўвогуле ў краіне. Пра гэта сведчаць шматлікія перамогі ў розныя гады, у тым ліку і ў намінацыі “Самае выніковае падраздзяленне мяжы”.

Ганарыцца вайскоўцам у зялёных фуражках сапраўды ёсць чым. На іх плячах адказнасць за 30-кіламятровы ўчастак мяжы з Латвіяй. З моманту заснавання заставы было затрымана больш за 200 парушальнікаў мяжы, каля 400 — пагранічнага рэжыму, таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 1,5 млрд рублёў. Толькі з пачатку гэтага года затрыманы 26 парушальнікаў мяжы і 39 — пагранічнага рэжыму, ТМК у 5 выпадках на суму каля 300 млн рублёў.

Такія вынікі немагчымы без надзейнага калектыву, які не раз даказваў свой прафесіяналізм і адданасць справе. Амаль усе ваеннаслужачыя з Віцебшчыны, таму можна ўпэўнена сказаць, што землякі верна і годна нясуць службу на мяжы. Цяжка нават пералічыць, колькі ўзнагарод за гэты час атрымаў асабовы склад заставы, якім зараз кіруе Дзмітрый Скавародка.

На святкаванне юбілею пагранічнікі запрасілі шмат ганаровых гасцей. Павіншаваць з 10-годдзем заставы ад імя раённай улады прыехалі старшыня райсавета Ніна Пучынская і намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Пліско. З падарункамі і добрымі словамі завіталі прадстаўнікі Полацкага пагранатрада, сельсавета, духавенства, жыхары агр. Плюсы, ветэраны, якія стаялі ў вытокаў станаўлення заставы. У 2013 годзе паміж Наваполацкім гарвыканкамам і заставай “Плюсы” было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. З таго часу яна носіць назву “Наваполацкая” і цесна супрацоўнічае з уладамі горада нафтавікоў. Таму павіншаваць вайскоўцаў з юбілеем прыехалі старшыня Наваполацкага гарвыканкама Вячаслаў Дурноў і намеснік дырэктара ААТ “Нафтазаводмантаж” Канстанцін Каралёў.

Спачатку для гасцей арганізавалі экскурсію па заставе, падчас якой пазнаёмілі з узорамі ўзбраення і тэхнікі, што дапамагае пагранічнікам ахоўваць мяжу. Пабачылі прысутныя бытавыя ўмовы, у якіх служаць салдаты. Для апошніх тут ёсць усё неабходнае: утульныя комнаты адпачынку, бібліятэка, лазня, сталовая. Пра тое, як служыцца, гасцям расказаў старшы пагранічнага нарада, інспектар 3 катэгорыі Уладзіслаў Жарыкаў. Хлопец ужо больш за 100 разоў выхадзіў на ахову мяжы. Ён рад, што трапіў менавіта сюды і шкадуе, што служба заканчваецца. Дадому хутка адправіцца і Аляксей Кратынскі. Хлопец служыць не адзін, а разам з верным сябрам — сабакам Рычы. Дарэчы, гасцям яны на практыцы паказалі, як дзейнічаюць у тым выпадку, калі заўважылі нелегалаў каля мяжы.

Ёсць на заставе і тыя, хто тут з моманту яе заснавання, як старшына Дзмітрый Музыка. Упершыню ён трапіў сюды ў той час, калі толькі закладваўся падмурак, а зараз служыць па кантракце. За гэтыя 10 гадоў на яго вачах адбывалася станаўленне і развіццё заставы, пра што ён з задавальненнем расказаў гасцям.

Працягнулася ўрачыстае святкаванне ў Плюскім клубе. Шмат добрых слоў гучала ў адрас вайскоўцаў у зялёных фуражках. Ад імя раённых уладаў іх павіншавала Ніна Пучынская. Яна зазначыла, што пагранічнікі заставы “Плюсы” смелыя і годна нясуць службу, а дзякуючы іх намаганням мы можам быць упэўнены, што наша мяжа пад кантролем.

Да пагранічнікаў звярнуўся і намеснік начальніка Полацкага пагранатрада па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксей Буйніч. Ён падзякаваў за службу і нагадаў, што ў пагранічнікі ідуць толькі самыя мужныя. Не абышлося і без узнагарод. Многія вайскоўцы атрымалі падзячныя лісты і граматы, былі адзначаны нагруднымі знакамі “Удзельнік затрымання” 1 і 2 ступені.

Шмат цёплых слоў гучала ад гасцей ўрачыстасці, яны выказалі спадзяванні, што пагранічнікі і надалей будуць так жа пільна ахоўваць межы нашай краіны. А протаіерэй Анатоль, благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскага храма акрамя віншаванняў падарыў ікону, якая будзе абараняць вайскоўцаў падчас іх службы.

Віншаванні перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі. Добры настрой віноўнікам урачыстасці ў гэты дзень падарылі артысты РЦК, ваеннаслужачыя заставы і ваенны аркестр Полацкага пагранатрада.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.