Браслаўскія чытанні аднавілі сваю работу

Общество

56600На мінулым тыдні на базе гімназіі прайшла 6 міжнародная навукова-гістарычная канферэнцыя “Браслаўскія чытанні”, прысвечаная 950-годдзю г. Браслава.

Гэты цікавы і значны для нашага рэгіёну навуковы форум меў даволі доўгі перапынак. І вось праз 12 гадоў зноў сабраліся гісторыкі, археолагі і краязнаўцы з Беларусі, Латвіі і Польшчы, каб падзяліцца сваімі навуковымі даследваннямі, якія датычацца гістарычнага мінулага Браслаўшчыны.

Безумоўна, каб узнавіць канферэнцыю, супрацоўнікі раённага музейнага аб’яднання на чале з яго дырэктарам Надзеяй Дударонак прыклалі нямала намаганняў. Іх слушную прапанову падтрымалі раённыя ўлады і інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Вялікую падзяку за аказаную дапамогу ў правядзенні мерапрыемства адміністрацыя музея выказвае і прадпрыемствам, індывідуальным прадпрымальнікам горада.

Пленарнае пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай. Яна адзначыла, што канферэнцыя аднавіла сваю работу ў юбілейны год Вялікай Перамогі і нашага горада. Затым пазнаёміла гасцей з геаграфічнымі і эканамачнымі асаблівасцямі раёна, яго прыродай і насельніцтвам, пажадала ўдзельнікам плённай працы.

Вучоны сакратар інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Салаўянаў выказаў падзяку арганізатарам канферэнцыі, а таксама задавальненне зноў сустрэцца на гасціннай браслаўскай зямлі. А. Салаўянаў уручыў падзякі дырэкцыі сваёй навуковай установы Н. Пучынскай, Н. Дударонак, былым дырэктарам музея Г. Падалян і К. Шыдлоўскаму.

Загадчык Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко перадала ў бібліятэку музея шмат цікавых гістарычных кніг.

Пасля шчырых прывітанняў прысутныя акунуліся ў цікавы і загадкавы свет мінуўшчыны. На працягу двух дзён 37 вучоных чыталі свае даклады па некалькіх накірунках: археалагічнае даследванне Браслаўшыны, наш край у сярэднявеччы, гісторыя Браслаўшчыны ў ХХ ст., краязнаўства і турызм.

У будучым годзе, запэўніў А. Салаўянаў, выйдзе зборнік “Браслаўскія чытанні”, у які ўвойдуць усе навуковыя працы канферэнцыі.

Гістарычны форум даў магчымасць удзельнікам паказаць вынікі сваёй працы, паглядзець, чым займаюцца калегі з іншых краін і, безумоўна, мае вялікае значэнне для гістарычнай спадчыны нашага рэгіёну.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.