Не губляць давер народа

Общество


99300x200У панядзелак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Морхат правёў асабісты прыём грамадзян у Ахрэмавецкім сельсавеце. Таксама жыхары маглі расказаць парламентарыю пра хвалюючыя іх праблемы па тэлефоне.

На прыёме прысутнічалі старшыня райсавета Ніна Пучынская і старшыня сельвыканкама Дзіяна Тарун. Нягледзячы на будны дзень і пачатак працоўнага тыдня, жадаючых звярнуцца да М. Морхата аказалася нямала. Папярэдне зазначу, што гэта былі не толькі мясцовыя людзі, але і жыхары Браслава. Толькі па тэлефоне паступіла шэсць званкоў. Тычыліся яны ў асноўным пытанняў прыватнага характару. Дэпутат уважліва выслухоўваў кожнага тэлефануючага. З некаторымі пытаннямі разбіраліся на месцы. Так, напрыклад, адразу два жыхары вёскі Мацешы ўзнялі актуальную для іх праблему нарыхтоўкі дроў на тэрыторыі ААТ “Браслаўскі райаграсэрвіс”. Для таго, каб дэталёва разабрацца, у сельвыканкам выклікалі дырэктара акцыянернага таварыства Леаніда Крукава. Пасля высвятлення ўсіх абставін, Л. Крукаў запэўніў, што ў дзесяцідзённы тэрмін пытанне будзе вырашана. Астатнія звароты ўзяты на кантроль і адпраўлены ў адпаведныя раённыя службы для рэагавання.

На асабісты прыём прыйшлі сем грамадзян, з ліку жыхароў Ахрэмаўцаў і Браслава. Іх звароты насілі самы розны характар. Добраўпарадкаванне, падаткаабкладанне, выплаты ад Белдзяржстраха і іншае. Дэлегаты ад імя жыхароў асобных вуліц аграгарадка задавалі пытанні наконт магчымасці пракладкі цэнтралізаванага водаправода і ўключэння вулічнага асвятлення.

Усім грамадзянам былі дадзены адпаведныя кансультацыі і тлумачэнні. Адказы на некаторыя звароты даваліся адразу, а частка была пераадрасавана кампетэнтным арганізацыям. Аднак, як запэўніў, Мечыслаў Морхат іх вырашэнне будзе кантралявацца. Разам з тым, як зазначыў дэпутат, людзям і самім трэба прыкладаць намаганні ў вырашэнні некаторых пытанняў, напрыклад, такіх як добраўпарадкаванне.

У гэты ж дзень дэпутат Палаты прадстаўнікоў наведаў аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. У прыватнасці, ён пабываў у Ахрэмавецкай амбулаторыі, дзе пацікавіўся якасцю медпаслуг і забяспечанасцю лекамі. Ацаніў М. Морхат і асартымент тавараў у мясцовых магазінах райпа, а таксама агледзеў тэрыторыю аграгарадка на яе дагледжанасць і добраўпарадкаванасць.

Алена Набеева.

Фота аўтара.