Дзень будучага абаронцы Айчыны

Новости

8987300x200Урачыстыя провады прызыўнікоў на тэрміновую воінскую службу прайшлі ў аўторак ў Раённым цэнтры культуры. Хутка 48 навабранцаў Браслаўшчыны папоўняць воінскія часці Узброеных Сіл Беларусі.
Традыцыйна святочнае мерапрыемства пачалося са слоў ваеннага камісара раёна Віталя Грамніцкага. Ён адзначыў, што служба ў арміі — гэта вельмі адказная, але пры гэтым, ганаровая справа. Наперадзе навабранцаў чакае нялёгкая ваенная падрыхтоўка, якая дапаможа ім загартаваць свой характар і стаць сапраўднымі мужчынамі. Ваенкам выказаў надзею, што будучыя салдаты будуць годна несці воінскую службу і не пасаромеюць сваіх землякоў.
З наказам годна выканаць свой грамадзянскі абавязак і вярнуцца пасля службы ўзмужнелымі і здаровымі да хлопцаў звярнулася і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Павучальныя словы ад імя старэйшага пакалення прагучалі з вуснаў старшыні савета ветэранаў Івана Цялежнікава.
Ад імя бацькоў прызыўнікоў выступіла Жанна Наумава. Па-мацярынску цёпла і сардэчна яна дала наказ юнакам годна служыць радзіме, не забываць родных і блізкіх, вярнуцца дамоў мужнымі, моцнымі а, галоўнае, жывымі і здаровымі.
Пад апладысменты прысутных ў зале, юнакі падняліся на сцэну для атрымання павесткі аб прызыве ў армію. Ваенны дакумент ім уручылі В. Вялічка і В. Грамніцкі. Блаславіў прызыўнікоў благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Анатолій.
Для будучых воінаў са сцэны гучалі песні пра службу, бацькоўскі дом і каханне ў выкананні артыстаў РЦК.
Вось што думаюць самі хлопцы пра армейскую службу.
Вадзім Грамніцкі:
Служыць іду са станоўчымі эмоцыямі і прыкладу ўсе намаганні, каб з гонарам выканаць абавязак грамадзяніна сваёй краіны. Пасля арміі планую пайсці служыць у органы МНС ці МУС.
Канстанцін Паўчонак:
Адразу вырашыў, што “касіць” не буду, а пасля тэрміновай службы застануся на звыштэрміновую. Трапіў у дэсантныя войскі, чаму вельмі рады. Цяжкасці не пужаюць, мару прыгнуць з парашута і не адзін раз.
Валерый Гадулевіч:
Паступаў у інстытут пагранічнай службы, але не хапіла балаў. Таму вельмі задаволены, што трапіў у пагранічныя войскі. Мару і далейшае сваё жыццё звязаць з арміяй і абараняць межы Беларусі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.