Весткі з Друйскага дзіцячага дома

Главное

7862-300x200У дружбе са спортам
Цудоўная трэнажорная зала з усім неабходным для заняткаў інвентаром з’явілася нядаўна ва ўстанове. Трэнажоры, гантэлі, скакалкі, стол для тэніса і іншы спортінвентар  — падарункі шэфаў з Віцебскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, ААТ “Беларусбанк”, Полацкага пагранатрада. Цяпер гэта любімае месца дзетвары, куды яны спяшаюцца ў вольны час. З задавальненнем дзеці катаюцца і на веласіпедах, якія падарылі супрацоўнікі РАУС. Не пустуе і пакой турызму, які быў спецыяльна створаны для гурткоў “Школа выжывання” і “Тэхніка пешага турызму”. У ім знаходзіцца турыстычны рыштунак: палаткі, карты, спальнікі, вяроўкі, кацялкі, компасы і іншае. Асобны вугалок выдзелены для дыпломаў і фотаздымкаў з розных спаборніцтваў.
Дадатковыя веды і навыкі
З цікавасцю дзеці наведваюць камп’ютарны клас, дзе створаны ўсе ўмовы для працы з электроннымі машынамі. Ёсць выхад у інтэрнэт, чым многім карыстаюцца, каб звязацца па скайпу са сваімі італьянскімі сябрамі.
А літаральна ў верасні свае дзверы адчыніла сталярная майстэрня. Яе абсталяванне стала магчымым спонсарскай дапамозе ААТ “Надежная программа”. Зараз хлопцы пад пільным поглядам педагогаў вывучаюць інструменты і ўжо нават зрабілі рамкі для плакатаў. Радуюць вока і фіранкі на вокнах, якія былі змадэляваны дзяўчынкамі і пашыты ва ўласнай швейнай майстэрні. Яна з’явілася ва ўстанове ў канцы 2014 года. Спонсарамі выступілі італьянцы, якія выдзелілі сродкі на набыццё дзвюх швейных машынак, адной вышывальнай і авярлока.
У вольны час
Шмат увагі ўдзяляецца ў дзіцячым доме развіццю здольнасцей дзяцей. Так, для дашкалят абсталявалі пакой развіцця. У ім сабраны развіваючыя цацкі і гульні. Створаны спартыўны, музыкальны, тэатральныя куточкі, усталяваны сухі басейн. Старэйшыя дзеці з дапамогай выхавацеляў ствараюць вырабы з прыродных матэрыялаў і другаснай сыравіны. Раней свае работы яны выстаўлялі ў блоках і пакоях, а цяпер для іх адведзена цэлая выставачная зала, дзе імі могуць палюбавацца госці ўстановы. Дарэчы, летам на вуліцы для маленькіх дзетак была ўсталявана сучасная гульнявая пляцоўка. Такі карысны сюрпрыз Друйскаму дзетдому зрабіў аўтацэнтр “Атлант-М на Машиностроителей”. Яшчэ адзін прыгожы і неабходны падарунак дзецям зрабіла жаночая гільдыя ААН. Дзякуючы іх увазе дзіцячыя пакоі ўпрыгожыліся новай мэбляй.
Невялікі музей
Літаральна на днях у дзіцячай ўстанове адкрыўся музейны куток. Ён расказвае пра гісторыю ўзнікнення і сучаснае жыццё дзетдома. Асобныя раздзелы прысвечаны Друйскаму вучылішчу, у будынках якога цяпер і размяшчаецца дом-інтэрнат . На стэндах можна пабачыць выкладчыкаў вучылішча, тагачасныя навучальныя дапаможнікі, створаныя  імі, кніга ганаровых гасцей, узор дыплома і шмат іншых цікавых экспанатаў. Сярод апошніх — трэніровачныя макеты спецтэхнікі, створаныя умелымі рукамі выкладчыкаў і навучэнцаў.