Канікулы ў лагеры

Главное

9879600x200Аздараўленчы лагер эколага-біялагічнага напрамку працаваў падчас восеньскіх канікулаў на базе Ахрэмаўскай дзіцячы сад—сярэдняй школы. Яго наведвалі 20 вучняў з пачатковых класаў.
Як расказала загадчыца лагера Святлана Далецкая, яго галоўнай мэтай  з’яўлялася вывучэнне прыроды і яе багатага расліннага свету.  Эколага-біялагічны напрамак быў выбраны невыпадкова: школа размяшчаецца паблізу ад парка “Бяльмонты”, дзе расце шмат дэкаратыўных і рэдкіх раслін, у тым ліку дрэў.  Такі стан спраў дазваляе на практыцы пашырыць кругагляд дзяцей, атрымаць неабходныя экалагічныя веды, якія дазволяць зразумець узаемасувязі ў прыродзе.
Праграма лагера была разнастайнай. Кожны дзень праходзіў пад сваім дэвізам, напрыклад, “Дзень дружбы”, “Ярмарка ідэй”, “Дзень сустрэч”. А дзяцей былі арганізаваны пазнавальныя і развіваючыя мерапрыемствы. Школьнікі рабілі аплікацыі і падзелкі з прыродных матэрыялаў, малявалі малюнкі на тэму прыроды. Асабліва падабаліся ім прагулкі на свежым паветры. Акрамя таго, для дзяцей праводзіліся спартландыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі, конкурсы. Шмат уражанняў пакінула наведванне пажарнага паста ў Ахрэмаўцах.
Займаліся вучні таксама карыснымі справамі. У адзін дзень, напрыклад, пабывалі ў бібліятэцы і дапамагалі з дробным рамонтам кніг. Усе дзеткі былі ахоплены трохразовым харчаваннем. Для самых маленькіх быў прадугледжаны ціхі час.
Адным словам, канікулы ў школьным лагеры праляцелі хутка, але весела, з карысцю, і пакінулі пасля сябе толькі станоўчыя эмоцыі.
Алена Набеева.
На здымку: у школьным лагеры некалі сумаваць.