Чайная цырымонія і восеньскі кірмаш

Главное

874300x225Яскравая прыгажуня восень паціху скідвае рознакаляровае ўбранне з дрэў. Гэта значыць, што завершаны ўсе сельскагаспадарчыя работы. Дык чаму ж, па прыкладзе нашых продкаў, пасля працы не адпачыць. Тым больш, што першая вучэбная чвэрць засталася за плячыма. А зрабіць гэта мы вырашылі весела, пазнавальна і за кубачкам духмянай гарбаты.
На чайную цырымонію былі запрошаны навучэнцы 5-6 класаў Відзаўскай сярэдняй школы. Перад пачаткам мерапрыемства вучні накрылі прыгожыя сталы, да аформлення якіх падышлі з фантазіяй.
Удзельнікаў мерапрыемства спачатку вітала гаспадыня свята, ролю якой выдатна выканала наш педагог-арганізатар Тэрэза Гламбоцкая. Яна і жартоўныя пытанні, і складаныя загадкі задавала. Самыя кемлівыя ў якасці прыза атрымалі сушку (якая ж без яе гарбата!).
Ды і вучні падрыхтавалі пазнавальную інфармацыю пра гэты карысны напітак, праводзілі забаўляльныя гульні. Аднак самым лепшым момантам было чаяпіцце з хатняй выпечкай.
Час праляцеў непрыкметна. А гарбаты мы выпілі, дарэчы, ні многа, ні мала, а тры вядры!
Увечары старшакласнікі разгарнулі восеньскі кірмаш. Яшчэ за месяц да свята кожны клас атрымаў індывідуальнае заданне па афармленні стала, таму выставы былі аформлены ў рознай тэматыцы: “Ягады”, “Садавіна”, “Гародніна”, “Збожжавыя”.
Мамы і таты, бабулі і дзядулі, а таксама вучні напярэдадні свята рыхтавалі свае кулінарныя шэдэўры: разнастайныя торты, пірожныя, печыва, бліны, напіткі.
Любы кірмаш — гэта, вядома, не толькі багата аздобленыя сталы, а яшчэ вясёлыя песні і танцы. Навучэнцы падрыхтавалі разнастайныя нумары. Адны танцавалі, іншыя спявалі, а некаторыя прадставілі на суд гледачоў гумарыстычныя нумары. Журы было вельмі цяжка ацэньваць удзельнікаў мерапрыемства. Аднак пераможцам сталі вучні 11 класа, бо іх “бармэн” Максім Бічэль падрыхтаваў з натуральных сокаў смачны кактэйль “Школьны”. Але і іншыя ўдзельнікі не засталіся незаўважаным: усе атрымалі граматы ў розных намінацыях. А пасля падвядзення вынікаў мы дружна ласаваліся прысмакамі.
Анастасія Бабіч,
вучаніца Відзаўскі
сярэдняй школы.