Школа веры і дабрыні

Главное


45300x225“Настаў юнака на пачатку шляху яго, і ён не збочыць з яго, калі і састарэе”, — гаворыцца ў кнізе Прытчаў Саламонавых. Так, выхаванне моладзі — пытанне, актуальнае ва ўсе часы. Гэта адна з асноўных задач устаноў адукацыі, у якіх распрацавана цэлая сістэма мерапрыемстваў маральнай тэматыкі. Веды, атрыманыя падлеткамі ў школе і ад бацькоў, вельмі важныя для далейшага жыцця, але без духоўнай падтрымкі людзі нярэдка збіваюцца з правільнага шляху. Таму важнай часткай служэння Беларускай Праваслаўнай Царквы з’яўляецца работа з дзецьмі.

Вось і ў Браславе пасля працяглых канікул нядзельная школа пры Свята-Панцеляймонаўскім  жаночым манастыры зноў гасцінна расчыніла свае дзверы для юных выхаванцаў. Навучальны год тут пачаўся ў кастрычніку і закончыцца ў маі. Як і раней, займаецца з дзецьмі настаяцельніца манастыра — ігумення Ніка. Яна знаёміць вучняў з асновамі праваслаўнай культуры, тлумачыць, што значыць жыць па хрысціянскіх запаведзях. Падчас заняткаў можна даведацца пра жыццё святых, царкоўныя святы, іконы, малітвы, навучыцца правільна весці сябе ў храме. А галоўнае — ігумення Ніка прывівае дзецям дабрыню, міласэрнасць, любоў да людзей, клопат пра блізкіх, павагу да бацькоў.

Звычайна заняткі праходзяць у выглядзе гутарак на розныя маральныя тэмы ці пра пэўныя падзеі. Акрамя таго, выхаванцы займаюцца рукадзеллем, спяваюць, ездзяць на экскурсіі, удзельнічаюць у праваслаўных фестывалях і конкурсах. Вось і падчас першай сустрэчы пасля прагляду фільма пра Еўфрасінню Полацкую вучні прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў, прысвечаным святой апякунцы Беларусі (на здымку). А колькі радасці прыносіць дзецям падрыхтоўка да галоўных хрысціянскіх свят — Вялікадня і Нараджэння Хрыстова! Выхаванцы школы традыцыйна рыхтуюць тэатралізаваныя пастаноўкі, з якімі выступаюць перад падапечнымі дома-інтэрната для састарэлых.

Нагадаю, што заняткі праходзяць з 13 да 15 гадзін кожную нядзелю. Наведваць іх могуць хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту — ад першакласнікаў да выпускнікоў. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 32-6-41.

Жанна Бялько.