У “Маяку” рады маладым

Главное


687665x200Штогод маладыя спецыялісты папаўняюць калектывы арганізацый аграпрамысловага комплексу раёна. Многія з іх падчас размеркавання выбіраюць сваім першым месцам працы менавіта СВК “Маяк Браслаўскі”. Толькі сёлета ў калектыў гаспадаркі ўліліся 18 “навічкоў”. Адна з самых моцных гаспадарак раёна з задавальненнем прымае новыя кадры, дапамагае ім уладкавацца на месцы і рэалізаваць сябе ў прафесіі. Гэта пацвярджаюць і маладыя спецыялісты Таццяна Лібік і Таццяна Навіцкая (на здымку).

Для Тані Навіцкай гэты год першы ў якасці агранома-насеннявода. Хоць працуе дзяўчына з красавіка, але за гэты час ні разу не пашкадавала, што яе прафесійны шлях пачаўся з “Маяка”. Прафесію ж яна выбірала не проста так, а па прызванні. У школе любімым прадметам была біялогія, таму ў старэйшых класах вырашыла, што жадае атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць і спынілася на аграноміі. Пакуль вучылася ў Горацкай сельгасакадэміі, час ад часу думала пра будучае размеркаванне і ўжо тады марыла трапіць у “Маяк Браслаўскі”.

— Гаспадарка трывала стаіць на нагах, ды і дом побач, родам я з Браслава. Першы месяц, пакуль асвоілася, пазнаёміліся з калегамі, агледзела ўсе палеткі, было няпроста, — гаворыць Таня. — Але падбадзёрвала тое, што прынялі мяне, маладога спецыяліста, у калектыве прыязна. Асабліва дапамагала ўнікнуць у курс спраў галоўны аграном СВК Валянціна Таўкінь, за што ей вельмі ўдзячна. Увогуле ж мне тут падабаецца, і работа па душы.

Маладая, поўная сіл Таццяна імкнецца апраўдваць аказаны ёй давер, стараецца прымяняць на практыцы атрыманыя ў навучальнай установе тэарэтычныя веды. Яна шмат чытае, цікавіцца новымі напрацоўкамі ў сваёй сферы і прымяняе іх на справе. Пакуль малады спецыяліст не збіраецца шукаць “лепшай долі” і хоча застацца ў гаспадарцы.

Так лічыць і яе калега Таня Лібік, якая працуе тут другі год на пасадзе бухгалтара. Дзяўчына таксама рада, што першым месцам працы стала менавіта гэта гаспадарка.

З дзяцінства яна чула расказы матулі, Алены Іванаўны, бухгалтара СВК “Маяк Браслаўскі”, пра сваю працу, калектыў. Бачыла, як тая прыносіць працу дадому і з захапленнем вывучала незнаёмыя дакументы. Невыпадкова, што пасля школы Таня выбрала прафесію маці і паступіла ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж.

— Калі прыйшоў час размеркавання, папрасілася ў “Маяк”, як раз і месца было. А яшчэ я добра ведала калектыў, таму цяжкасцей не баялася, была ўпэўнена, што ўсё атрымаецца, — кажа Таццяна. — У мае абавязкі ўваходзіць разлік з пакупнікамі, налічэнне бальнічных, улік гатовай прадукцыі. Бывае, сутыкаюся з праблемамі, але ведаю, што заўсёды магу звярнуцца да калег. Яны патлумачаць, дапамогуць. Калі цябе так прымаюць у калектыве, то працаваць — адно задавальненне.

Кіраўніцтва адгукаецца пра Таццяну толькі станоўча, пры гэтым адзначае, што яна адказная, граматная і акуратная, а работу выконвае на выдатна і ў тэрмін. Такія ж водгукі можна пачуць і ад калег дзяўчыны.

А вось каб удасканаліць свае веды, дзяўчына адразу пасля каледжа паступіла ў Полацкі ўніверсітэт і зараз увесь вольны час прысвячае вучобе.

Дзве Таццяны не толькі паспяваюць выканаць на выдатна свае працоўныя абавязкі, яшчэ і ў грамадскім жыцці калектыву паўдзельнічаць — абедзве члены пярвічкі БРСМ. Таня Лібік у складзе каманды СВК удзельнічала ў конкурсе сандружын, раённым турзлёце, а нядаўна была назіральнікам на выбарах. Знайшлі прымяненне і здольнасцям Тані Навіцкай. Дзяўчына сур’ёзна захапляецца фатаграфіяй, таму ні адно мерапрыемства ў калектыве не застаецца не сфатаграфаваным.

Увогуле ж дзяўчаты рады, што лёс звёў іх і зараз яны не толькі сталі калегамі па працы, але яшчэ і сяброўкамі ў жыцці.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.