Дзеля чысціні лесу

Главное

888300x225У сярэдзіне кастрычніка ва ўсіх рэгіёнах краіны шматлікія добраахвотнікі традыцыйна ўключыліся ў акцыю “Чысты лес — 2015”. Яны прымалі ўдзел у навядзенні парадку ў лясных масівах, якія найбольш актыўна наведваюцца людзьмі, прымыкаюць да дарог, населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках.

Рэспубліканская акцыя “Чысты лес” праводзіцца з 2010 года па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. За гэты час яна ўжо набыла сваіх пастаянных удзельнікаў, і з кожным годам іх колькасць толькі расце. У агульнай складанасці за ўвесь час у мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 60 тыс. добраахвотнікаў.

Падтрымалі акцыю і ў нашым раёне. Як паведаміў галоўны ляснічы нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” Уладзіслаў Цецяронак, да работы па ачыстцы лясоў ад смецця далучыліся супрацоўнікі 10 лясніцтваў. Асаблівую ўвагу ўдзялілі навядзенню парадку ўздоўж аўтамабільных дарог, у месцах адпачынку, каля вадасховішчаў. Работы было многа, бо нядбайныя турысты і жыхары раёна пакідаюць за сабой абгорткі, пластыкавыя бутэлькі і іншае бытавое смецце.

Ініцыятыву супрацоўнікаў прыродаахоўнай установы падтрымалі і школьнікі. Напрыклад, гімназісты добраўпарадкавалі лесапаласу паблізу АЗС “Краснасельцы”, а вучні першай гарадской школы наводзілі парадак у Бяльмонцкім парку (на здымку).

Дарэчы, кожны жыхар нашага раёна можа далучыцца да акцыі незалежна ад даты — трэба толькі беражліва адносіцца да прыроды і паважаць працу работнікаў лясной гаспадаркі.

Жанна Бялько.