Прафтэхадукацыя застаецца запатрабаваннай

Главное


8845300x200Сёлета сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны адзначае 75 год. Безумоўна, гэта цэлая эпоха ў гісторыі дзяржавы. За гэты час наша грамадства і прафадукацыя зведалі нямала перамен. Аднак, нельга не прызнаць, што гэта ступень адукацыі пераканаўча даказала сваю патрэбнасць і здольнасць паспяхова вырашаць пастаўленыя перад ёй задачы.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае значнай даце, адбылося на мінулым тыдні і ў актавай зале Відзаўскага каледжа, дзе сабраліся інжынерна-педагагічны калектыў, навучэнцы і ветэраны каледжа, а таксама госці свята.

Першым на правах гаспадара са словамі прывітання звярнуўся да прысутных дырэктар адукацыйнай установы Міхаіл Смірноў. Ён акрэсліў значныя вехі развіцця і станаўлення “кузні сельскагаспадарчых кадраў раёна”, яе сучасныя накірункі вучэбнай, выхаваўчай і вытворчай дзейнасці, выказаў словы ўдзячнасці ўсяму калектыву каледжа за прафесійнае майстэрства, за стараннасць і памкненне да новых працоўных дасягненняў.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка падчас віншавання акцэнтавала ўвагу на важнасці сістэмы прафесійна-тэхнічнага навучання, адзначыла, што ў Відзаўскім каледжы працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія разам з навучэнцамі праслаўляюць наш раён сваімі наватарскімі вынаходніцтвамі. Яна пажадала ім і далей упэўнена ісці абраным шляхам творчага пошуку і перамог.

З цёплымі словамі віншавання выступіў і старшыня Відзаўскага сельвыканкама Сяргей Алёшын.

Затым вядучыя ўрачыстага мерапрыемства зрабілі экскурс у мінулае і з гонарам паведалі пра дзень сучасны каледжа. Іх расказ суправаджаўся цікавай мультымедыйнай прэзентацыяй.

Шчырымі апладысментамі віталі прысутныя педагогаў і майстроў вытворчага навучання, якія шмат гадоў прысвяцілі каледжу. Усе яны ў знак павагі і ўдзячнасці атрымалі памятныя падарункі. Былому дырэктару Алегу Лапкоўскаму і яго намесніку Марыі Губанавай дзеючы кіраўнік уручыў Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

У поўным росквіце працоўных і творчых ідэй, з высокімі паказчыкамі па ўсіх накірунках дзейнасці сустракае юбілей інжынерна-педагагічны калектыў установы. Пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны выкладчык Марыя Манкевіч, аблвыканкама — Святлана Савіцкая, Ігар Міхнюк, Генадзь Рамановіч, Віталь Зейферт, Расціслаў Мацук, удзячнасцю дырэктара адзначаны Часлаў Карэннік, Міхаіл Багачоў, Антаніна Саўчанка.

Добрасумленнай вучобай, творчымі і спартыўнымі дасягненнямі працягваюць славу сваіх папярэднікаў, памнажаюць іх традыцыі, перамогі і сённяшнія навучэнцы каледжа. А 19 самым лепшым і актыўным хлопцам і дзяўчатам у гэты святочны дзень дырэктар М. Смірноў уручыў грашовыя чэкі.

Душэўныя музычныя нумары ў выкананні педагагічна-вучнёўскага калектыву, супрацоўнікаў і выхаванцаў мясцовага сельскага Дома культуры ўнеслі ў мерапрыемства радасць, пазітыўнасць і добры настрой.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: В. Вялічка ўручае Ганаровую грамату М. Манкевіч.