Повязь пакаленняў

Новости


0876400x200Невялікі прыгожы куточак каля раённай паліклінікі, дзе ўстаноўлены бюст легендарнаму ўрачу Браслаўшчыны Станіславу Нарбуту, — знакавае і адметнае месца для медыцынскіх работнікаў раёна. Таму не дзіўна, што ў раённай установе аховы здароўя стала добрай традыцыяй менавіта тут праводзіць урачыстасць, прысвечаную Дню пажылых людзей, і пасвячаць маладых спецыялістаў у прафесію.

Вось і сёлета шаноўнае месца зноў ператварылася ў залу пад адкрытым небам: поручні лесвіцы былі ўпрыгожаны рознакаляровымі шарамі, музыка разносілася далёка за межы бальнічнай тэрыторыі. Паклапаціліся арганізатары і пра сталых гасцей урачыстасці, якія размясціліся на крэслах, медперсанал выйшаў са сваіх кабінетаў, каб павітаць ветэранаў і маладых калег.

Пасля прывітальных слоў вядучых мерапрыемства — урача-тэрапеўта Міхаіла Героева і загадчыцы клініка-дыягнастычнай лабараторыі Надзеі Глінскай — на імправізаваную сцэну са сваімі настаўнікамі выйшлі маладыя спецыялісты. Сёлета калектывы ЦРБ папоўнілі сем урачоў, зубны фельчшар, псіхолаг, два фельчары-лабаранты і электраманцёр. Усе яны прыйшлі з багажом тэарытычных ведаў, якія атрымалі ў спецыялізаваных ўстановах адукацыі, а задача іх настаўнікаў — прымножыць і накіраваць гэтыя веды на карысць і патрэбу пацыентаў.

Урач-эндакрынолаг Андрэй Грыгор’еў, які сам толькі год таму назад пераступіў парог раённай установы аховы здароўя, павіншаваў сваіх маладых калег, пажадаў ім плённа пачаць працоўны шлях.

І пад сур’ёзным і праніклівым поглядам бронзавага С. Нарбута маладыя спецыялісты далі клятву быць дастойнымі абранаму шляху і добрасумленна выконваць статут установы.

Шчыра павіншаваў моладзь з пачаткам прафесійнай дзейнасці галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч, пажадаў ім поспеху і выніковай працы, адказна адносіцца да сваіх абавязкаў і ўважліва ставіцца да кожнага пацыента. Не трэба баяцца цяжкасцей, а ў выніку неабходнасці, падкрэсліў А. Макарэвіч, маладыя супрацоўнікі калектыву заўсёды могуць разлічваць на дапамогу старэйшых і больш вопытных калег.

Да яго слоў далучылася і першы сакратар райкама БРСМ Марыя Сяліцкая, а таксама за супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі яна ўручыла ўдзячнасць Аляксандру Макарэвічу і грамату сакратару пярвічнай арганізацыі БРСМ раённай установы аховы здароўя Інэсе Касцюкевіч.

У кожнай пары года свае радасці і свае фарбы. Так і ў жыцці чалавека: юнацтва заўсёды поўнае надзей і памкненняў, сталасть — пара росквіту творчых сіл і здзяйсненняў, клопату пра дзяцей і ўнукаў. І хто іншы, як не мудрыя людзі “залатога пакалення”, з радасцю падзеліцца сваім вопытам і навыкамі, жыццёвай мудрасцю і цеплынёй свайго сэрца. Менавіта на гэтым і трымаецца сувязь пакаленняў.

Шчырымі апладысментамі віталі медыкі сваіх ветэранаў, якія прыйшлі на свята. Тым, хто сёлета пайшоў на заслужаны адпачынак, уручылі букеты і падарункі. Ад іх імя са словамі ўдзячнасці за клопат і ўвагу выступіла былая медсястра Ірына Чамярынская.

Радавалі ўдзельнікаў свята сваім выступленнем артысты РЦК, спяваў для іх і Міхаіл Героеў.

Закончыла ўрачыстасць вершаванымі пранікнёнымі радкамі старшыня прафкамітэта ЦРБ Аксана Радзько.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.