Наваселле ў пагранічнікаў

Государственная пограничная политика Новости


85200x200Мінулы чацвер стаў асаблівым і запомніцца надоўга для некалькіх сямей пагранічнікаў. Невыпадкова, бо ў гэты дзень яны сталі шчаслівымі ўладальнікамі ключоў ад новых кватэр.
Усяго ж для вайскоўцаў у зялёных фуражках пабудавана 7 камерцыйных кватэр. Іх атрымалі афіцэры, прапаршчыкі, кантрактнікі, што нясуць службу на мяжы ў Браслаўскім раёне.

Усе радасныя моманты пагранічнікі заўсёды адзначаюць разам і ўрачыста. Вось і ў чацвер каля новага дома сабраліся пагранічнікі і члены іх сямей, прыйшлі парадавацца за іх сябры, завітала і кіраўніцтва — намеснік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Анатоль Пяшко. Ён павіншаваў пагранічнікаў з гэтай знамянальнай падзеяй у іх жыцці і зазначыў, што калі ёсць уласнае жыллё, дзе цябе чакаюць родныя, то тады і служыцца спакойна. Пад  гучныя апладысменты А. Пяшко перарэзаў чырвоную стужку і ўручыў ключы абаронцам рубяжоў краіны.

— Будаўніцтва кватэр для пагранічнікаў прадугледжана ў рамках праграмы  добраўпарадкавання дзяржаўнай мяжы, якая распрацавана да 2022 года, — зазначыў падчас гутаркі Анатоль Пяшко. —  Сем кватэр для браслаўскіх пагранічнікаў пабудаваны за кошт Дзяржпагранкамітэта. На гэта спатрэбілася каля 6 млрд рублёў. Уладальнікамі новага жылля сталі пагранічнікі, якія асабліва маюць патрэбу ў ім, служаць не першы год, сямейныя. Лічу, што гэта выдатная падтрымка маладых сямей, асабліва ў Год моладзі, а таксама стымул заставацца на службе ў органах пагранічнай службы.

Атрымаўшы ключы ад кватэр, навасёлы не хавалі перапаўняўшых іх прыемных пачуццяў. Яны з задавальненнем прайшліся па пакуль яшчэ пустых, пахнучых свежай фарбай пакоях, плануючы, дзе і што ў іх будзе размяшчацца. Некаторыя шчаслівыя ўладальнікі ключоў ад кватэр падзяліліся сваімі ўражаннямі і пачуццямі.

Кірыл Дробат:

—  Я служу намеснікам  начальніка аддзела пагранічнага кантролю “Відзы”, жонка Крысціна таксама пагранічнік — кантралёр 1 катэгорыі АПК “Урбаны”. Раней здымалі жыллё ў Браславе, што выклікала пэўныя складанасці. Сёння ж мы сталі шчаслівымі ўладальнікамі двухпакаёвай кватэры. Новае жыллё ўжо бачылі і засталіся задаволенымі, бо ўсё зроблена якасна і прыгожа, застанецца толькі абсталяваць пакоі мэбляй і можна спраўляць наваселле.

Артур і Дзіяна Ананічы:

— Нашай маладой сям’і ўсяго паўгода, таму ключы ад новай кватэры сталі сапраўдным падарункам. Мы абодва з Шаркаўшчыны, пазнаёміліся ўжо на Браслаўшчыне, спадзяёмся, што тут і застанемся. Пакуль будзем жыць у камерцыйнай кватэры, адначасова зможам будаваць сваё жыллё. Лічым, што гэта выдатная падтрымка такіх маладых сямей, як мы, а яшчэ добры стымул служыць лепш.

Эдуард Пракапенка:

— Для мяне і жонкі Алесі сёння вельмі хвалюючы момант. Каля 5 гадоў я служу на Браслаўшчыне, апошні час камандзірам мабільнай групы кінолагаў АПС “Опса”. Да гэтага жылі ў родных, здымалі кватэры, таму калі даведаўся, што будзе будавацца камерцыйнае жыллё, стаў у чаргу. Чакаць давялося нядоўга, і вось мы ўжо атрымліваем ключы. Новай кватэрай задаволены і з нецярпеннем чакаем, калі зможам засяліцца туды.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.