Архівіст: прафесія  сістэматызаваць і захоўваць

Главное


45454300x200Кожны год 6 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста. Гэтая дата  мае сімвалічнае значэнне. Яна прывязана да адкрыцця Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг у 1863 годзе – першага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі сучаснай беларускай дзяржавы. Свята лічаць сваім усе супрацоўнікі архіўных сховішчаў рэспублікі, у тым ліку і работнікі браслаўскага архіва.

Вядома, што ўласнае сховішча дакументаў ёсць амаль у любой арганізацыі, але калі яна заканчвае сваю дзейнасць, то ўся неабходная дакументацыя пераходзіць менавіта ў раённы архіў. На сённяшні дзень сістэматызуюць і захоўваюць справы ліквідаваных арганізацый па горадзе 2 спецыялісты – дырэктар архіва Ганна Крумплеўская і спецыяліст Галіна Мядзюха (на здымку). Удваіх яны выконваюць запыты грамадзян, складаюць даведкі на пенсіі, словам, аказваюць метадычную і практычную дапамогу. У некаторай ступені іх праца падобная па сваіх функцыях на бібліятэкарскую, паколькі, атрымаўшы заданне знайсці пэўны дакумент, архівіст шукае і выдае яго наведвальніку. Калі трэба, то робяцца выпіскі і ксеракопіі.

Цяпер у раённым архіве 228 фондаў, 17 622 справы, у цэлым абслугоўваецца 100 арганізацый. Раз у 5 гадоў складаюцца вопісы. І галоўная задача, падкрэсліваюць самі спецыялісты, – захаванне дакументаў: загадаў па пенсіях, асабістым складзе, ільготных катэгорыях і інш. Калі дакументы ёсць, то праблем не ўзнікае, і архівісты выконваюць сваю работу своечасова. Дарэчы, адгукнуцца на запыты арганізацый і грамадзян трэба ў 14-дзённы тэрмін. Але нашы архівісты імкнуцца разабрацца ў сітуацыі і па магчымасці аформіць даведкі як мага хутчэй.

Сучасны архівіст карыстаецца ўсімі актуальнымі носьбітамі інфармацыі. Безумоўна, выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі, сканераў і капіравальных апаратаў у сукупнасці з інтэрнэтам значна спрашчаюць многія працэсы работы. Але неабходнасці захоўваць самі дакументы ў электронным выглядзе ў раённым архіве пакуль няма. Для такой колькасці важных папер хапае месца і ў сховішчы. Хоць, дарэчы, браслаўскі архіў самы вялікі з пяці ў зоне.

Многім работа архівіста ўявіцца манатоннай і аднастайнай. Аднак супрацоўніцам архіва сумаваць і сядзець без працы не прыходзіцца. Работаса справамі і дакументамі змяняюцца прыёмам людзей з запытамі. І так кожны дзень.

 

Па стане на 2015 год у Беларусі дзейнічаюць два навукова-даследчыя  суб’екты: цэнтр электроннай дакументацыі і інстытут дакументавядзення і архіўнай справы. Архіўныя сховішчы краіны налічваюць больш за 12 млн розных дакументаў, а структура сістэмы дакументальнай беларускай спадчыны прадстаўлена 169 падведамнымі арганізацыямі.

 

Па афіцыйных даных, штогод дзяржаўныя архівы Беларусі выконваюць каля 7 тысяч тэматычных запытаў, з якіх 3 тысячы з’яўляюцца біяграфічнымі, больш за 200 генеалагічных і каля 30 тысяч сацыяльна-прававога характару.

Вера Буланава.

Фота аўтара.