Свае дасягненні прадставілі годна

Главное

У кастрычніку сістэма прафтэхадукацыі адзначае свой 75-гадовы юбілей. За гэты час яна прайшла няпросты шлях. І толькі дзякуючы кадрам і мудраму кіраўніцтву змагла захаваць сябе.

Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая захавала шматфункцыянальную сістэму падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. Толькі за апошнія гады ў прафесійна-тэхнічных установах рэспублікі падрыхтавана больш за 507 тыс. кадраў, што складае амаль трэць ад усіх, занятых у эканоміцы.

У цяперашні час у сістэме прафтэхадукацыі нашай краіны функцыянуе 159 навучальных устаноў, у тым ліку 105 прафесійных ліцэяў і 54 прафесійна-тэхнічныя каледжы.

У краіне створана шматпрофільная, мабільная сістэма прафтэхадукацыі, якая адпаведна рэагуе на патрэбы рынку працы, даступная для кожнага і забяспечвае адукацыйныя запыты розных узроставых груп, а таксама пераемнасць і бесперапыннасць узроўняў адукацыі.

З нагоды гэтага значнага юбілею ў Віцебску прайшлі маштабныя і цікавыя мерапрыемствы, удзел у якіх прыняў і Відзаўскі каледж.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Людміла Капуста, свае дасягненні відзаўчане прадставілі  на двюх пляцоўках. У рамках кірмашу “Асенні карагод”, што разгарнуўся на плошчы Свабоды, навучэнцы каледжа прапаноўвалі сваю сельскагаспадарчую прадукцыю. Тут жа змораныя пакупнікі мелі магчымасць падсілкавацца духмянай юшкай і шашлыкамі, якія, па словах Л. Капусты, карысталіся вялікім попытам. І ніколькі ў гэтым не сумняваюся, бо стравы, прыгатаваныя поварамі каледжа, заўсёды атрымліваюцца вельмі смачнымі.

На пляцоўцы каля канцэртнай залы “Віцебск” навучэнцы прадставілі дзейнасць творчага аб’яднання “Чысты свет”. Экспанаты дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці выхаванцаў гэтага аб’яднання — байкер, матацыкл, трактар СТ-1, мотаблок-кола — выклікалі ў наведвальнікаў здзіўленне і захапленне. Многія з іх хацелі набыць гэтую цуда-тэхніку. Не прамінулі сваёй увагай незвычайныя здольнасці майстроў і навучэнцаў каледжа і высокапастаўленыя госці свята.

У выставе “Працоўныя дынастыі” быў прадстаўлены прафесійны шлях сямей Лапкоўскіх, Бурак, Кавалёнкаў, Нікіціных, якія шмат гадоў дзяліліся сваімі ведамі і навыкамі з навучэнцамі каледжа.

Затым мерапрыемствы прадоўжыліся ў канцэртнай зале “Віцебск” урачыстасцю, падчас якой начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок уручыў грамату Міністэрства адукацыі выкладчыку спецыяльных дысцыплін Відзаўскага каледжа Дзмітрыю Мачульскаму. А закончылася свята цікавым канцэртам.

Алена Пятушка.