На адной хвалі з вучнямі

Общество

IMG_2585 (Large)У кожным калектыве ёсць людзі-маякі, якія сваёй энергіяй, творчым запалам зараджаюць усіх навокал. З іх ліку і настаўніца англійскай мовы гімназіі Вольга Лукша. Ініцыятыўнага, энергічнага педагога любяць вучні, паважаюць калегі і хваліць кіраўніцтва ўстановы. Невыпадкова, што напярэдадні Дня настаўніка за сваю працу яна ў другі раз была адзначана граматай Міністэрства адукацыі.

Не кожны педагог можа пахваліцца тым, што ў яго скарбонцы столькі грамат, падзячных лістоў, колькі мае Вольга Васільеўна за 10 гадоў працы ў школе. Яна ж прызнаецца, што працуе не дзеля ўзнагарод, а для таго, каб прывіць школьнікам любоў да мовы, каб яны маглі ўпэўнена размаўляць па-англійску.

Быць паспяховым педагогам жанчыне дапамагаюць любоў да прафесіі і жаданне. Калі гэтыя два фактары спалучаюцца, то з’яўляюцца і дасягненні.

Стаць педагогам Вольга марыла з дзяцінства. Ні ў якой другой прафесіі сябе не бачыла, толькі са спецыяльнасцю спачатку вызначыцца не магла. Падабалася матэматыка, аднак дзяўчына марыла вандраваць, знаёміцца з іншымі культурамі, а для гэтага трэба ведаць замежную мову.  Таму, скончыўшы школу, дарэчы, з залатым медалём, яна падала дакументы ў ВДУ імя П. М. Машэрава на філалагічны факультэт.

Прафесійная дзейнасць маладой настаўніцы пачыналася ў вясковай школе Расонскага раёна, якую калісьці сама скончыла. Аднак  праз некаторы час давялося пераехаць на радзіму мужа. Так Браслаўшчына стала для яе другой радзімай. Спачатку працавала ў СШ№2, а ў 2009 годзе перайшла ў гімназію, дзе было больш магчымасцей для развіцця, рэалізацыі новых задум.

— Я не расчаравалася ў выбранай прафесіі. Люблю дзяцей, прадмет, які выкладаю, імкнуся сваім вучням перадаць веды, якімі валодаю сама. Кожны гімназіст унікальны, і трэба знайсці да яго падыход, своеасаблівы “ключык”, і тады працаваць становіцца прасцей. А яшчэ на кожны ўрок імкнуся прыходзіць з усмешкай і добрым настроем, — расказвае Вольга Лукша.

Настаўніца вельмі патрабавальная да сябе. Пастаянна шукае новыя падыходы да правядзення ўрокаў, выкарыстоўвае на іх відэа і аўдыёматэрыялы, праз гульні, ток-шоу, інтэрв’ю, праекты, якія дзеці ствараюць дома, прывівае ім любоў да англійскай мовы. Галоўнае, лічыць яна, урок абавязкова павінен быць камунікатыўнай накіраванасці. Невыпадкова, што менавіта яна перамагла ў раённым конкурсе “Настаўнік года — 2009”, а потым выдатна выступіла на абласным этапе.

Аднак толькі на ўроках дзейнасць педагога не заканчваецца. Вучні Вольгі Васільеўны заўсёды актыўныя ўдзельнікі раённых навукова-практычных канферэнцый, не раз займалі там прызавыя месцы. Вызначыліся яны і ў вобласці, на фестывалі міжкультурных камунікацый.

А яшчэ жанчына з’яўляецца адным з каардынатараў міжнароднай сеткі адукацыйных інтэрнэт-праектаў iEARN. Гімназісты прапануюць цікавыя праекты і разам з педагогамі рэалізуюць іх, а вынікамі дзеляцца з такімі ж школьнікамі з усяго свету.

Пяты год каардынуе Вольга Лукша дзейнасць  маладзёжнага вясенняга дыскусійнага і зімовага лінгвакультуралагічнага лагераў, з’яўляецца кіраўніком гімназічнага і раённага метадычных аб’яднанняў настаўнікаў замежных моў і заўжды дапамагае тым, хто да яе звяртаецца.

У апошні час зацікавілася В. Лукша работай з інфармацыйнымі сродкамі. Яна вядзе сайт гімназіі, а таксама старонкі ўстановы ў сацыяльных сетках, лічыць, што так магчыма расказаць свету пра сябе, свае дасягненні. А зараз працуе над стварэннем сайта, прысвечанага алімпіядам.

Жанчына лічыць, што для педагога важны творчы рост. Яна і сама імкнецца развівацца, удасканальвае свае веды, таму дзецям на яе ўроках заўсёды цікава і англійскую мову яны называюць адным з самых любімых прадметаў.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.