З творчым падыходам

Новости

 


875600x200Не раз заўважала, што калі на розных раённых творчых конкурсах выступаюць вучні Опсаўскай школы, то у зале за іх заўсёды перажывае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандра Крупко. А на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі для мяне раскрылася яшчэ адна грань настаўніцы. Са сцэны яна прачытала некалькі сваіх вершаў, якія зала прыняла бурнымі апладысментамі. Гэта стала добрай нагодай пазнаёміцца бліжэй з педагогам і творчым чалавекам.

З Аляксандрай Чаславаўнай мы сустрэліся ў першыя дні верасня. Новы навучальны год толькі пачаўся, а яна ўжо планавала, якія мерапрыемствы арганізаваць, да якіх конкурсаў рыхтавацца. З уласцівай ёй прыемнай усмешкай дзялілася планамі.

— Я люблю сваю работу, дзяцей, да таго ж імкнуся, каб жыццё ў школе не зводзілася толькі да ўрокаў, а было насычана рознымі мерапрыемствамі, — зазначыла А. Крупко. — У гарадскіх школьнікаў больш магчымасцей развівацца, а хочацца, каб і сельскія дзеці мелі магчымасць рэалізаваць свае здольнасці. Я ж заўсёды кожнаму з іх кажу, што ён індывідуальны і самы лепшы.

З дзяцінства дзядуля і бабуля вучылі яе паважаць і дарослага, і малога. Гэту ісціну А. Крупко нясе праз усё педагагічнае жыццё. А яно досыць багатае, стаж у жанчыны больш за 25 гадоў. Як часта бывае, справу жыцця мая суразмоўца выбрала яшчэ ў школе. Перавагу аддавала мове і літаратуры, любіла гісторыю, таму вагалася паміж філалагічным і гістарычным факультэтамі. Аднак усё ж такі стала студэнткай філфака БДУ. Пазней першым месцам працы маладой настаўніцы стаў Шаркаўшчынскі раён. Вялікія класы, незнаёмая ўстанова, ды яшчэ і замест рускай мовы прызначылі выкладаць беларускую. Аднак гэта не спужала ініцыятыўную Аляксандру, і яна з галавой акунулася ў працу.

Праз пэўны час сямейныя абставіны вымусілі вярнуцца на родную Браслаўшчыну. Працавала спачатку ў школе №3 г. Браслава, а ў 2010 годзе перайшла ў Опсаўскую, дзе была спачатку настаўніцай рускай мовы, а зараз працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Калі рабіць, то якасна — гэтага прынцыпу прытрымліваюся пастаянна, — зазначае жанчына. — У кожнага школьніка стараюся разгледзець вакальны, харэаграфічны ці мастацкі талент, і ўжо зыходзячы з гэтага, спрабую рэалізаваць яго ў якім-небудзь накірунку. Часам бачыш, што дзіця саромеецца выходзіць на сцэну, але прапануеш раз, другі, — і ён ужо сам просіцца выступаць.

Для дырэктара школы жанчына стала правай рукой, усё, што датычыцца выхаваўчай дзейнасці, яна заўсёды выконвае дасканала. Калі Аляксандра Чаславаўна толькі пачынала працаваць на сваёй пасадзе, скарбонка ўзнагарод школы дасягала 43, а за мінулы навучальны год іх было ўжо 94. Асабліва ж ганарыцца А. Крупко агітбрыгадай Опсаўскай школы, якая не раз станавілася першай у раёне і вобласці. Увогуле ж перамог, да якіх прыклала руку намеснік па выхаваўчай рабоце, — багата. Ініцыятарам стварэння літаратурнага музея ў школе таксама была А. Крупко, а яшчэ яна напісала гімн установы.

Акрамя пасады намесніка па выхаваўчай рабоце, яна яшчэ вядзе ўрокі. І, па прызнанні вучняў, заняткі заўсёды праходзяць цікава і незвычайна.

— Мова — навука складаная, таму свае ўрокі імкнуся разнастаіць прэзентацыямі, фільмамі. І кожнаму даю выказацца. Часам звыклы для цябе твор дзіця ўспрымае зусім па-іншаму, таму ў сваіх вучняў я таксама вучуся, – дзеліцца настаўніца.

Да таго ж спрабуе сябе ў навуковай дзейнасці, нядаўна ў выданні “Адукацыя і выхаванне” выйшла публікацыя па ўзаемадзеянні школы і соцыума на прыкладзе Опсаўскай школы. Не раз настаўніца атрымлівала ганаровыя граматы. Але, па яе словах, найлепшая ўзнагарода — вучнёўская ўдзячнасць.

Асобнай старонкай у жыцці педагога праходзяць вершы. Першыя вершаваныя радкі з’явіліся ва ўніверсітэцкія гады, потым усё часцей хацелася ўзяцца за аловак і запісаць свае думкі. Любімыя тэмы Аляксандры Крупко —родны горад, школа, прырода і каханне. Не раз яе творы друкаваліся на літаратурнай старонцы нашай газеты, у зборніках паэтаў раёна. Выйшаў і свой пад загадкавай назвай “Брошенный билет”. А вось сама жанчына любіць перачытваць вершы Марыны Цвятаевай, Іосіфа Бродскага, Максіма Багдановіча і Яўгеніі Янішчыц.

На маё пытанне пра хобі ў вольны час, яна адразу адказала: “Работа — гэта і ёсць маё хобі.” А потым дадала, што любіць чытаць, разводзіць хатнія кветкі, захапляецца гісторыяй мастацтва ці проста адпачывае пад класічную музыку.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: Аляксандра Крупко (у другім радзе трэцяя справа) са сваімі выхаванцамі на “Сузор’і талентаў Браслаўшчыны”.