Высокая ацэнка майстэрства

Главное

777300x200Беларусы спрадвеку з павагай ставяцца да хлеба, а ўзровень майстэрства яго вырабу нязменна павышаецца. Гэта пацвердзіла і 11-я Міжнародная спецыялізаваная выстава “Хлебная і кандытарская справа”, якая прайшла 8–11 верасня ў Мінску. Прадстаўнічы форум сабраў вытворцаў і пастаўшчыкоў абсталявання і сыравіны галіны, а яго дэвізам быў абраны слоган “Хлеб — аснова здаровага харчавання”. У межах выставы адбыўся рэспубліканскі конкурс якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак — 2015”, у якім прынялі ўдзел і майстры Браслаўскага хлебазавода.

Традыцыйна агляд праводзіцца ў некалькіх намінацыях, сёлета іх было 9. Хлебапёкі з розных рэгіёнаў Беларусі прадставілі 338 узораў вырабаў, кожнаму з якіх арганізатары надалі спецыяльны код. Члены журы не ведалі вытворцаў — ацэнка была непрадузятай. Браслаўскія ўмельцы хлебнай справы ўдзельнічалі ў 5-ці намінацыях і прадставілі ўзоры батона “Браслаўскага” новага, пончыкаў “Бярэзінскіх”, бісквітнага рулета “Медэя” ванільнага, сухароў магілёўскіх “Сняжынка”, торта “Ноч Усходу”. Нашы майстры чарговы раз пацвердзілі выдатную якасць сваёй прадукцыі, бо ўсе прадстаўленыя імі вырабы атрымалі высокую ацэнку журы і былі адзначаны залатым медалём і дыпломам.

Узнагароды прэстыжнага конкурсу сталі вынікам прафесійнага майстэрства, творчага падыходу і любові да справы браслаўскіх хлебапёкаў, што і прывяло іх да поспеху. А прызнанне на высокім узроўні будзе натхняць калектыў хлебазавода на новыя дасягненні.

Жанна Бялько.

Фота аўтара.

 

Вырабы-пераможцы дэманструе начальнік вытворчай лабараторыі Галіна Карла.