Трусагадоўля — справа выгадная

Актуальное

23540x200Кожны год у дзень правядзення раённага сельскагаспадарчага кірмашу ля гандлёвых кропак ААТ «Мяжаны» бывае шмат людна. А ўсё таму, што «мяжанцы» прывозяць на продаж жывых трусоў. У спецыяльным вальеры бегаюць, кормяцца, адпачываюць маленькія і дарослыя звяркі самай разнастайнай афарбоўкі — белыя, шэрыя, блакітныя, рыжыя і нават «плюшавыя». Дзецям дазваляюць іх пагладзіць, а самым маленькім — нават узяць у рукі і сфатаграфавацца.

Трэба сказаць, што кірмаш у Леснічоўцы для мяжанскіх трусаводаў не адзінае месца, дзе яны рэкламуюць жывую прадукцыю. Кожны год з часу заснавання трусафермы, акрамя сёлетняга, гаспадарка прымае ўдзел у самай прэстыжнай рэспубліканскай сельскагаспадарчай выставе «Белэкспа». Там жывы тавар карыстаецца пастаянным попытам. У асобныя гады ён разыходзіўся так хутка, што даводзілася адпраўляць машыну за «дабаўкай».

Дарэчы, на адной з выстаў у Мінску тагачасны галоўны заатэхнік гаспадаркі Валерый Гарбуноў пазнаёміў мяне з бабуляй, якая аднойчы купіла маленькае трусяня, а затым кожны год прыносіла выгадаванага труса і мяняла на маленькага. Таму да знакамітай фразы ўкраінскіх гумарыстаў «кролик — это не только ценный мех, но и 2 – 3 килограмма диетического легкоусвояемого мяса» можна дадаць: а яшчэ і хатні гадаванец для прыемнага баўлення часу ў адзіноце.

Праўда, першая частка прыведзенай фразы пра каштоўнасць футра цяпер сваю актуальнасць згубіла. Шкуркі трусоў попытам амаль не карыстаюцца. А між іншым, гадоў сем таму назад іх ахвотна купляла адна падмаскоўная фірма, якая шыла з іх… жаночыя спадніцы.

І ўсё ж асноўны накірунак работы фермы — гэта развядзенне і продаж племяннога маладняку. З першага дня стварэння і па сённяшні дзень там расплоджваюць 14 найбольш перспектыўных парод, выведзеных у еўрапейскіх краінах. З буйных найбольшай папулярнасцю карыстаюцца баран французскі, шыншыла вялікая, фландр, сярэдніх — саландр, каліфарнійскі, венскі блакітны.

Трэба адзначыць, што племянная работа на ферме вядзецца скрупулёзна. Каб не дапусціць блізкакроўнага скрыжоўвання, расплоджванне ўсіх 14 парод вядзецца па трох лініях. У матачным пагалоўі 217 самак і 55 самцоў. Усяго ж на ферме ўтрымліваецца 2,5 тысячы галоў грызуноў.

Як расказваў загадчык фермы Іосіф Варанецкі (на здымку), пагалоўе можна было б павялічыць удвая, але для гэтага трэба будаваць цёплы матачнік, каб атрымліваць прыплоды круглы год. Тым не менш дэфіцыту маладняку не бывае. Яго прададуць у любы дзень. Кілаграм жывой вагі маладняку буйных парод каштуе 126,5 тыс. руб., усіх астатніх — 101,2 тысячы.

Трэба сказаць, што трусаводы-аматары едуць за племем не толькі з Беларусі, а і з Літвы, Латвіі, Расіі. Пастаяннымі кліентамі сталі фермеры з Ленінградскай вобласці, Краснадарскага і Краснаярскага краёў і, зразумела, бліжэйшыя суседзі — смаляне і бранчане. Тым, хто ўпершыню надумаў гадаваць гэтых прыгожых звяркоў, Іосіф Казіміравіч ахвотна дасць кансультацыю па кармленні, утрыманні, развядзенні.

Хто думае стварыць дамашнюю трусаферму, павінен ведаць, што племянное пагалоўе вельмі пладавітае. У першых памётах самка можа прынесці да 14 галоў прыплоду, у сярэднім жа 7 – 8 трусянят. Прычым, калі размнажэннем займацца граматна, за год рэальна атрымаць ад адной маткі да 10 памётаў, аднак лепш 5 – 6.

Як бачна, займацца трусагадоўляй выгадна. А дапамагчы абзавесціся маладняком заўсёды гатовы мяжанскія трусаводы. Тым, хто не мае магчымасці даехаць у гаспадарку, раю прыходзіць на раённы сельскагаспадарчы кірмаш, дзе абавязкова будуць прадавацца гэтыя цудоўныя звяркі.5686772-300x200

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.