З малітвай да святога апекуна

Главное

789000x200Князь Аляксандр Неўскі належыць да ліку славутых людзей у гісторыі Русі, чыя дзейнасць не проста аказала ўплыў на лёсы краіны і народа, але ў многім змяніла іх, вызначыла ход рускай гісторыі на многія стогоддзі наперад. Яму выпала кіраваць Руссю ў цяжкі, пераломны для яе момант, але, дзякуючы сваёй палітычнай прадбачлівасці, таленту выдатнага дыпламата і палкаводца, ён змог супрацьстаяць заваёўнікам і зберагчы дзяржаву, народ і веру.

Ужо хутка пасля смерці Вялікі князь стаў шанавацца на Русі як святы, а пазней Аляксандр Неўскі быў афіцыйна кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой.

У гонар гэтага вялікага чалавека заснаваны манастыры, храмы і ордэн. З’яўляецца Аляксандр Неўскі і заспупнікам Богінскай Свята-Пакроўскай царквы. Кожны год 12 верасня сюды збіраюцца шматлікія вернікі, каб сваёй малітвай ушанаваць памяць святога і папрасіць у яго заступніцтва. Сёлета набажэнства было асабліва ўрачыстым, бо царкоўную службу вёў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

Дарагога госця сустракалі маленькія выхаванцы нядзельнай Богінскай школы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, хвалюючыся, прачыталі яму вершы і ўручылі кветкі. У сваю чаргу архіепіскап звярнуўся з пяшчотнымі словамі да кожнага дзіцяці і адарыў іх саладосцямі.

Падчас службы ў сваёй пропаведзі ўладыка Феадосій гаварыў прыхажанам пра веру, дабрыню і спагадлівасць, нагадаў усім, што трэба не насіць званне хрысціяніна, а менавіта быць ім.

Несумненна, святое набажэнства напоўніла душы і сэрцы людзей святлом і спакоем, пра што сведчылі іх адухоўленыя твары і радасныя вочы, калі яны выходзілі з царквы. Ніхто не спяшаўся пакідаць святыню, усе чакалі працягу свята каля храма.

У хуткім часе на імправізаванай сцэне пачаўся святочны канцэрт, які адкрыў настаяцель іерэй Ігар. У сваёй прамове ён яшчэ раз павіншаваў прысутных з днём урачыстасці і шчыра падзякаваў сваім памочнікам у арганізацыі свята. А затым загучалі пранікнёныя і радасныя песні ў выкананні супрацоўнікаў і выхаванцаў Богінскага СК і Далёкаўскага СДК, а таксама праваслаўнай моладзі. Скончыўся канцэрт вясёлай гумарыстычнай пастаноўкай, падчас якой усіх частавалі смачнымі стравамі.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.