Кніга — ежа для розуму і душы

Главное


74300x200Кафэ “Бібліяпрыцемкі”

Штогод супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна праводзяць тыдзень бібліятэк, які прысвячаюць свайму прафесійнаму святу. Гэта добрая традыцыя з’яўляецца напамінам пра значнасць друкаванага слова і яго патрэбу ў нашым сучасным жыцці.

Творчыя прафесіяналы сваёй справы кожны раз уносяць у разнастайныя мерапрыемствы нейкую іскрвнку. Вось і сёлета, акрамя цікавых выстаў, тэматычных дзён і акцый, у адзін з вечароў адкрылі ў бібліятэцы “кафэ”. Ці магчыма такое? Безумоўна, калі ўспомніць, што кніга — гэта таксама ежа, толькі для розуму і душы.

Перш-наперш вядучыя свята “Бібліяпрыцемкі” прапанавалі гасцям, якія размяціліся за прыгожа сервіраванымі столікамі, незвычайнае меню. Так, “фрэш-сокі” складаліся з букетаў смаку і водару свежавыдадзеных кніг лепшых аўтараў ХХІ стагоддзя, “фіта-морсы” — з карысных для душы і сэрца зборнікаў афарызмаў і вершаў розных эпох і стыляў, у “энергетычныя напіткі” ўвайшлі кнігі, якія ўвабралі ў сябе энергію чалавечых эмоцый, бадзёрасць пазітыўнага псіхалагічнага настрою і стымул да пазнання сябе і наваколля.

Ды ці магчыма пералічыць усё разнастайнае і ўражлівае “меню”. Адно хочацца сказаць, што да яго састаўлення адміністрацыя незвычайнага кафэ падышла вельмі сур’ёзна, улічваючы “гурманскія” прыхільнасці кожнага кліента.

Паколькі Браслаў адзначае сваё 950-годдзе, прысутным прапанавалі пакаштаваць і фірменную страву “Юбілейнае асарці”, падчас якога яны перанесліся ў гістарычнае мінулае Браслаўшчыны і спыніліся на яе сучаснасці. А відэаролік, зняты з вышыні птушынага палёту, несумненна, закрануў у кожнага пачуццё гордасці за тое, што мы жывём у прыгожым незвычайным краі.

На свеце шмат казак, прысвечаных скарбніцы мудрасці чалавечай, дзе пад покрывам ночы ажываюць кнігі і літаратурныя героі, па цёмных залах бібліятэкі блукаюць прывіды. У гэты чароўны вечар прысутныя ўпэўніліся ў іх праўдзівасці, калі да іх завітаў самы сапраўдны прывід. Безумоўна, спачатку начны бібліятэкар быў незадаволены, што парушылі яго спакой і цішыню, але хутка ён дараваў нязваным гасцям, змяніў гнеў на міласць і весяліўся разам з усімі.

Далей вядучыя запрасілі гасцей у гульнявую залу, дзе ўсе дружна адказвалі на пытанні пазнавальнай віктарыны , удзельнічалі ў акцыі “Цуда-дрэва” і забаўляльнай гульні. Цікавы майстар-клас па вырабе прыгожага веера правяла бібліятэкар камплектавання ЦБС Вольга Лакотка, а прадстаўнікі касметычнай кампаніі “TianDe” пазнаёмілі з прадукцыяй гэтай фірмы.

Гасцінна адчыніў дзверы ў гэты чароўны вечар і салон варажбы мадам Ля Бук, дзе загадкавая гаспадыня паведала жадаючым іх далейшы лёс.

Якія ж пасядзелкі ў кафэ без сяброўскай душэўнай размовы? Таму сустрэча аматараў кнігі працягнулася за кубачкам духмянай гарбаты і прэзентацыяй новага зборніка вершаў Святланы Цыўнель, падчас якой яна чытала свае пранікнёныя вершы,  расказвала пра творчасць і шчыра адказвала на пытанні.

Мы за чытанне!

Завяршыўся тыдзень у цэнтральнай бібліятэцы святам “Слаўся, бібліятэка!”, на якім старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская павіншавала работнікаў бібліятэчнай сістэмы і падкрэсліла вялікую ролю бібліятэк як інфармацыйных і культурных цэнтраў рэгіёну. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Антаніна Абалевіч уручыла ганаровыя граматы загадчыку аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірыне Макарэвіч, бібліятэкарам раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяне Сямёнычавай і Слабодкаўскай бібліятэкі Марыне Васілеўскай. Дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская адзначыла работнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў культурна-асветніцкім марафоне “Браслаўшчына юбілейная”. Са словамі шчырай удзячнасці ўшанавалі і ветэранаў бібліятэчнай справы, якія на працягу многіх гадоў былі надзейнымі ахоўнікамі храма кніг.

Свае вершы чыталі браслаўскія паэты Святлана Цыўнель і Данііл Валчок, а весяліў прысутных Дзед-Усявед, у ролі якога выступіла бібліятэкар Вольга Лакотка. Дзіцячую старонку свята ўпрыгожыла віншаванне маленькага чытача Вовы Мачуля. Сваімі песнямі віталі прысутных былы работнік Опліскай бібліятэкі Тамара Балтунова і артысты РЦК. На працягу ўсяго свята дэманстраваліся слайды з мерапрыемстваў тыдня бібліятэк.

Напрыканцы фэсту дырэктар Вольга Ляснеўская прапанавала заснаваць яшчэ адну добрую традыцыю: пачынаць новы Год чытання ў Дзень бібліятэк і першы правесці пад дэвізам “Мы за чытанне!”. Усе прысутныя разам уголас паўтарылі гэты дэвіз.

Бібліятэчны тыдзень закончыўся, але супрацоўнікі бібліятэк шчыра запрашаюць наведвальнікаў за новымі ведамі, захапляльнымі кнігамі і цікавымі ўражаннямі.

Алена Пятушка.