Тройчы шчаслівыя

Главное

777700x200
Нараджэнне дзіцяці — гэта шчасце. А вось у Рамана і Анжэлы Ушак з Браслава гэтае шчасце трайное. У іх дружнай сям’і растуць сынок і дзве дачушкі. Бацькі прызнаюцца, што дзеці для іх — галоўнае багацце і радасць.

Акрамя таго, што сям’я Ушак дружная, яна яшчэ гасцінная і шчырая. З задавальненнем расказалі Раман і Анжэла пра сваіх дзетак і іх поспехі, а таксама пра радасныя падзеі, якія адбыліся  сёлета. Гэты год для іх асаблівы. У ліпені сям’я пераехала ў новую кватэру, сынок пайшоў у 1 клас, а днямі адзначылі 7-годдзе сумеснага жыцця. Для іх нават самая маленькая падзея — гэта радасць для ўсёй сям’і.

Гісторыя знаёмства Рамана і Анжэлы пачалася ў 2006 годзе. Малады хлопец на той час скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію і папрасіўся размеркаваць яго на працу ў СВК “Маяк Браслаўскі”. І не выпадкова, бо сам родам з Браслава, пра добрую славу СВК ведаў не па чутках, ды і з тых гаспадарак, дзе праходзіў практыку, гэтая была самай лепшай.

Малады спецыяліст на той час поўнасцю быў заняты працай і нават не думаў пра сям’ю. Але менавіта тут сустрэў сваё каханне. Пазнаёміўся з Анжэлай, якая таксама працавала ў гаспадарцы. Мясцовая дзяўчына, па прызнанні Рамана, адразу яму спадабалася. Руплівая, працавітая, сапраўдная гаспадыня дома, а ў вольны час яшчэ і дапамагала няньчыць пляменнікаў. Тады ж хлопец і вырашыў, што такая дзяўчына будзе добрай жонкай. Ды і адукаваны і вясёлы малады спецыяліст прыглянуўся дзяўчыне. Пачалі сустракацца, пазней зразумелі, што кахаюць адзін аднаго, а праз два гады, якраз у дзень нараджэння Анжэлы, ажаніліся.

У наступным годзе сям’я іх стала большай, бо на свет з’явіўся сынок Данііл. А праз два гады Раман забіраў Анжэлу з раддома ўжо з дачушкай Эвелінай. Пра тое, што сям’я іх будзе шматдзетная, нават не думалі.

Рознае бывала, узнікалі цяжкасці, даводзілася сумесна папраўляць памылковыя рашэнні. Аднак гэта не пужала маладую сям’ю, бо разам яны маглі ўсё пераадолець. І якое ж было шчасце, калі праз два гады нарадзілася яшчэ адна дачушка, якой далі прыгожае імя Міласлава.

— Дзеці робяць нас шчаслівымі, — дзеліцца Анжэла. — Перавагу шматдзетнай сям’і можна адчуць толькі тады, калі сам у ёй гадаваўся. У мяне яшчэ дзве сястры, у адной з іх таксама трое дзяцей. Мы стараемся дапамагаць адна адной, часта сустракаемся, і , калі збіраюцца нашы дзеці, кватэра напаўняецца вясёлым дзіцячым гоманам.

Пакуль шматдзетная маці ўвесь свой час прысвячае выключна сям’і. Ва ўсім дапамагае Раман. Вось і нядаўна, пакуль Анжэла была на сесіі, ён глядзеў за дзецьмі.

— Наша сям’я вясёлая і дружная, — дадае Раман. — Вечарам, калі збіраемся разам за сталом, а дом напаўняецца дзіцячым смехам, дзелімся ўражаннямі за дзень, і тады адчуваеш, што гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

Пакуль дзеці яшчэ маленькія, але ўжо радуюць бацькоў сваімі поспехамі. Старэйшы Данііл пайшоў у першы клас і з задавальненнем цягнецца да вучобы, а яшчэ прыгожа малюе, займаецца ў  шахматным гуртку. Эвеліна таксама не адстае ад брата. А маленькая Міласлава пакуль проста радуе бацькоў тым, што кожную раніцу ўсміхаецца.

Увогуле ж увесь вольны час сям’я Ушак стараецца праводзіць толькі разам. Цяпер занятыя клопатамі па добраўпарадкаванні кватэры. Летам жа разам ездзілі на возера, прыроду ці дружнай камандай адпраўляліся ў вёску дапамагаць па гаспадарцы бацькам Рамана і Анжэлы. Яны самі выраслі ў вёсцы, ведаюць, што такое працаваць на зямлі, таму і дзяцей з маленства прывучаюць да працы.

Знаёмства з вясёлай і дружнай маладой сям’ёй Ушак пакінула прыемныя ўражанні. Няхай у новай кватэры ім спадарожнічае толькі шчасце.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.