Азёрныя прасторы і хваёвае паветра

Главное


999300x225Любі і ведай свой край

 

Чым вы звычайна займаецеся ў вольны час? А між іншым, непадалёку ад Браслава ёсць цікавае і прыгожае месца. Называецца яно Слабодкаўская озавая града.

Лекавае хваёвае паветра, пагоркі, з якіх адкрываюцца прыгожыя прасторы азёраў Поцех і Недрава, духмяныя кветкі, рознакаляровыя матылькі, спевы птушак, лавачкі для назірання за прыродай… Месца, дзе за некалькі гадзін можна адкрыць для сябе прыгожы куточак Браслаўшчыны і надоўга зарадзіцца энергіяй.

Гэты экалагічны маршрут пралягае ўздоўж розных дрэў і рэдкіх відаў раслін, даведацца пра якія можна з устаноўленых шыльдаў. Па ўсім маршруце, працягласць якога складае 4,6 кіламетра, пастаўлены ўказальнікі руху і лаўкі для адпачынку. Для зручнасці вандроўнікаў найбольш крутыя схілы абсталяваны драўлянымі лесвіцамі. Падрыхтавана 7 стаянак з інфармацыйнымі стэндамі. На іх можна прачытаць разнастайную інфармацыю пра раслінны, жывёльны і водны свет. Цікава даведацца пра “ледніковы” след у фарміраванні ландшафту нашага краю, а таксама папоўніць археалагічныя і гістарычныя веды. Некаторая інфармацыя носіць павучальны змест, напрыклад, чаму нельга разводзіць вогнішчы ва неўстаноўленых месцах і якую шкоду агонь наносіць прыродзе.

Увогуле падчас прагулкі прыемна здзіўляешся, як усё прадумана. У прыватнасці,  у адным месцы добра праглядаецца слабодкаўскі касцёл. Так, браслаўскія жыхары, магчыма, і ведаюць шмат з яго гісторыі, а прыезджыя? Таму якраз да месца невялікая шыльда з гістарычнай даведкай і фотаздымкамі ўнутранага ўбрання.

На сайце нацыяльнага парка “Браслаўскія азёры” пазначана, што “экалагічная сцяжынка “Слабодкаўская озавая града”распрацавана з мэтай экалагічнага, эстэтычнага і прыродаахоўнага выхавання наведвальнікаў, азнаямлення іх з прыродай Браслаўскага Паазер’я і гістарычнымі падзеямі, якія пакінулі свой след на озавай градзе”. Што ж, мяркуючы па колькасці людзей, якіх сустрэла на экалагічнай сцяжынцы, яна карыстаецца попытам і выклікае цікавасць у мясцовых і прыезджых аматараў актыўнага адпачынку.

Алена Набеева.

Фота аўтара.