Паклікала музыка за парты

Власть и общество

4333Першага верасня школьны званок прагучаў і для навучэнцаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Урачыстая лінейка, прысвечаная гэтай нагодзе, адбылася на свежым паветры непадалёку ад сцен навучальнай установы. Усхваляваныя дзеці з прыгожымі букетамі ў руках, не менш узрушаныя бацькі і педагогі сабраліся разам, каб у святочнай атмасферы адзначыць наступленне новага вучэбнага года. Асаблівае хваляванне чыталася на тварах першакласнікаў.
З прывітальным словам і пажаданнямі поспеху ў вучобе і працы да прысутных звярнулася шаноўная госця свята — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Антаніна Абалевіч. Таксама яна ўручыла Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення таленавітаму музыканту, чалавеку, які шмат гадоў аддаў служэнню музыцы і развіццю культуры Браслаўшчыны, — Альберту Белусю.
Затым з наступленнем новага вучэбнага года вучняў і педагогаў павіншавала дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Людміла Новікава. Яна прадставіла калектыў выкладчыкаў, уручыла граматы і пахвальныя лісты лепшым юным музыкантам і іх бацькам.
Асаблівая ўвага была нададзена самым маленькім вучням, якія ўпершыню зоймуцца вывучэннем нотнай граматы і пачнуць асвойваць музычныя інструменты. Іх у гэтым годзе 31 чалавек.
Свае віншаванні на лінейцы дарылі ўсім прысутным і навучэнцы ўстановы. Яны выканалі лепшыя песні і зачаравалі ігрой на інструментах. На такой музычнай ноце і скончылася ўрачыстае мерапрыемства. Дзеці і дарослыя накіраваліся ў вучэбныя класы, каб у хуткім часе здзівіць браслаўчан сваімі музыкальнымі здольнасцямі, спевамі, танцамі, артыстызмам і віртуозным валоданнем інструментам.

Алена Набеева.
Фота аўтара.