Добрая падтрымка для пенсіянераў

Главное

Сацыяльная абарона

 

Гандлёвая сетка “Евроопт” з 1 верасня прапанавала пакупнікам спецыяльную дысконтную праграму для пенсіянераў “Е-плюс. Пенсионная”. Яна будзе дзейнічаць у 85 магазінах сеткі “Евроопт” фарматаў “Е ++” і “Е+++” па ўсёй рэспубліцы. Падпадаюць пад гэты фармат і браслаўскія магазіны філіяла ТАА “Еўрагандаль”.

Раней пенсіённыя дысконтныя карткі выдаваліся толькі ў шасці магазінах Мінска і Віцебска. Зараз маштаб праграмы стаў па-сапраўднаму рэспубліканскі. Так, усе пакупнікі – удзельнікі дысконтнай праграмы – па буднях з 9.00 да 15.00 атрымліваюць фіксаваную скідку 3% на набытыя тавары, акрамя тавараў на акцыі “Красная цена”, тавараў коштам менш за 1 тысячу беларускіх рублёў і спіртнога мацункам 40%, на якое ўстаноўлены рознічны кошт да 55,8 тыс. бел. рублёў за 0,5 літра. Па словах генеральнага дырэктара сеткі “Евроопт” Філіпа Арцёменкі, час для фіксаванай пенсійнай скідкі абраны спецыяльна, бо менавіта па буднях да абедзеннага часу пенсіянеры любяць хадзіць у магазін. Калі ж пакупкі ствараюцца не ў гэты час, то скідкі робяцца, як і звычайна, згодна з умовамі дысконтнай праграмы “Е-плюс”.

Стаць удзельнікам дысконтнай праграмы проста. Пакупнік звяртаецца ў магазіны сеткі “Е ++” і “Е+++”, старшаму касіру паказвае пасведчанне пенсіянера ці інваліда і запаўняе анкету. Пасля чаго бясплатна атрымлівае дысконтную картку “Е-плюс. Пенсионная ” з, яшчэ раз падкрэслім, фіксаванай скідкай у 3%. На вечар чацвярга ўладальнікамі карткі ў Браслаўскім раёне сталі 87 пакупнікоў.

Дарэчы, за час работы дысконтнай праграмы для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі сетка “Евроопт” выдала беларускім пакупнікам больш за 270 тысяч дысконтных картак. Штомесячныя расходы кампаніі на скідкі толькі па пенсіённых дысконтных картках складаюць 6-7 мільярдаў бел. рублёў. Таму кіраўніцтва кампаніі спадзяецца, што новая праграма для пенсіянераў, а іх на сёння ў Беларусі больш за 2,3 млн. чалавек, стане значнай сацыяльнай падтрымкай.

Вера Буланава.