Чым запомнілася лета — 2015

Главное

Міні-апытанне

Каляндар адлічвае апошнія дзянькі лета. Цікава, чым яно запомнілася браслаўчанам. За адказам на гэтае пытанне карэспандэнт газеты Алена Набеева адправілася на вуліцы горада.
Марыя Янковіч:
“Прыязджалі родныя з Літвы, Латвіі, дзеці, унучка… На час іх прыезду пашанцавала з надвор’ем. Мы разам бавілі час. Напрыклад, з роднымі і суседзямі мы гулялі ў лазертаг . Усім вельмі спадабалася гэтая гульня. Упершыню апрабавалі рыбалку на сваёй саджалцы. Змагаліся за ўраджай. Наведвалі выстаўкі, у прыватнасці, нам спадабалася выстаўка сабак.”
Дзіна Яроцкая:
“Лета праходзіць насычана. Дзіця пайшло ў сад, а я на курсы фатаграфіі. У жніўні прыехалі ў госці да родных, бавім час на свежым паветры, возеры, загараем, адпачываем.”
Марына Карач:
“У водпуску не пашанцавала з надвор’ем, толькі апошні тыдзень адпачынку перад працай парадаваў сонейкам. Давялося пакупацца і пазагараць. Запомнілася паездка на “Славянскі базар”, фестывалі “Viva Braslav” і “Жывое неба Браслава”.
Іван Андрэевіч (не назваў прозвішча).
“Лета запомнілася гасцямі. Амаль на 3 месяцы прыехалі ўнукі. Даводзілася суправаджаць і забаўляць. Але ж гэтыя клопаты толькі ў радасць. Дзякуючы дзецям пабываў на многіх мерапрыемствах. А на атракцыёнах і ў цырку ўспомніў нават дзяцінства”.
А чым вам, паважаныя чытачы, запомнілася лета? Падзяліцеся з намі вашымі летнімі гісторыямі. Дасылайце лісты на адрас рэдакцыі ці дзяліцеся гісторыямі ў каментарыях да апытання на афіцыйным сайце “Браслаўскай звязды”.