Выпіў?! За руль не садзіся

Актуальное

Браслаўскія супрацоўнікі ДАІ падвялі вынікі акцыі “П’янаму не месца за рулём”. Яна праводзілася з 14 па 23 жніўня.
Кожны вадзіцель, калі садзіцца за руль, павінен памятаць, што ён адказны за бяспеку не толькі сябе і сваіх пасажыраў, але і астатніх удзельнікаў дарожнага руху. На жаль, некаторыя вадзіцелі не разумеюць гэта і нярэдка кіруюць аўтамабілем пасля ўжывання спіртнога. З мэтай прафілактыкі ДТЗ з удзелам нецвярозых супрацоўнікі дзяржаўтаіспекцыі рэгулярна праводзяць рэйды і прафілактычныя акцыі. Вось і ў ходзе апошняй былі затрыманы 5 нецвярозых вадзіцеляў, адзін з якіх паўторна.
Увогуле ў Браслаўскім раёне з пачатку года інспектары ДАІ выявілі 71 нецвярозага вадзіцеля. Насцярожвае тое, што чацвёра затрыманы паўторна.
Не спыняе іх нават тое, што кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ці пад наркатычным уздзеяннем караецца накладаннем штрафу ў памеры ад 50 да 100 БВ з пазбаўленнем вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 3 гады.
А за паўторнасць на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання наступае і крымінальная адказнасць. У прыватнасці, такія асобы караюцца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам са штрафам, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Калі ж чалавек, які раней здзейсніў падобнае злачынства, зноў сеў п’яны за руль, то яму пагражае арышт са штрафам, ці пазбаўленне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў са штрафам, ці проста пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Незалежна ад права ўласнасці транспартны сродак падлягае канфіскацыі.

Юрый Лаўрыновіч, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.