Прыём грамадзян правёў міністр культуры

Главное

566500x200На мінулым тыдні з рабочым візітам Браслаўшчыну наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію.
На прыём да міністра прыйшоў індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Садоўскі, які папрасіў міністэрства аб падтрымцы ў правядзенні рок-фестываля “Жывое неба Браслава”, бо праводзіць такое мерапрыемства ў прыватным парадку вельмі складана.
С. Садоўскі падрабязна расказаў міністру пра ідэю і канцэпцыю фестывалю, звярнуў яго ўвагу на тое, што “Жывое неба Браслава” дае магчымасць маладым невядомым рок-групам заявіць пра сябе і пазнаёміць слухачоў са сваёй музычнай творчасцю.
Высокапастаўлены чыноўнік уважліва выслухаў наведвальніка, задаў яму шэраг удакладняльных пытанняў, пасля чаго пагадзіўся, што такое мерапрыемства заслугоўвае ўвагі, паколькі з маладых невядомых музыкантаў часта вырастаюць яркія зоркі беларускай эстрады. У сувязі з гэтым кіраўнік культурнага ведамства краіны даў арганізатару вельмі слушныя парады, і ў першую чаргу параіў звярнуцца па дапамогу ў раскрутцы фестывалю на беларускія тэлеканалы. Са свайго боку міністр паабяцаў звярнуць увагу супрацоўнікаў АНТ, якія цікавяцца рознымі неардынарнымі праектамі, да гэтага мерапрыемства.
Больш пытанняў да Барыса Святлова не паступіла, з чаго можна зрабіць выснову, што насычанае культурнае жыццё нашага краю цалкам задавальняе яго жыхароў.
Скончыўся рабочы візіт міністра знаёмствам з гістарычнымі і культурнымі аб’ектамі Браслаўшчыны.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.