Марыя – прытулак і паратунак людской надзеі

Главное

Святой імшой на палявым алтары 22 жніўня завяршыліся ў Браславе ўрачыстасці ўшанавання Маці Божай – Валадаркі азёр. У чарговы раз яе санктуарый сабраў шматлікіх вернікаў.Гэта былі не толькі католікі. Абраз Маці Божай шануюць мясцовыя праваслаўныя, людзі іншай веры, якія ведаюць пра яе цудадзейную сілу.
Увасобленая ў тысячах абразоў па ўсім свеце, надзеленая людзьмі шматлікімі тытуламі, на браслаўскай зямлі яна названа Валадаркай азёр – уладаркай вады, гэтай вечнай крыніцы жыцця. Чалавек заўсёды жыве надзеяй. І пакуль яна ёсць, усе мы спадзяёмся і імкнёмся да сваёй мары. Гэту ісціну коратка перадае выраз “Надзея памірае апошняй”, які пастаянна гучаў ў разважаннях святараў, якія адпраўлялі ў гэтыя дні святыя месы, казалі пра ролю і месца Марыі ў хрысціянскім свеце, пра тое, што яна самая кароткая дарога да Бога, прыклад любові, цярпення, пакорлівасці і вернасці.
Святары засяроджвалі ўвагу на сучасных праблемах свету, на тым, як адсутнасць веры разбурае душы людзей, сем’і, топіць іх у заганных звычках, параджае канфлікты і войны, павучалі маладых, што свабода выбару мае межы божых законаў, інакш вядзе да поўнай анархіі, давалі парады, як ім ісці ў нагу з часам і не страціць веры, сілкавацца ёй у цяжкія моманты жыцця.
…У пятніцу Пілігрымы з Глыбокага, Мёраў, Полацка, іншых гарадоў пешшу і на аўтобусах збіраліся ля храма, дзе іх сустракалі і благаслаўлялі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч і пробашч Браслаўскай парафіі Станіслаў Мжыглуд.
Усю ноч у касцёле гучалі малітвы, і кожны, хто пераступіў яго парог, мог выказаць свае просьбы апякунцы ўсёй Віцебскай зямлі.
А кульмінацыяй свята стала суботняя імша, у якой, акрамя вернікаў, бралі ўдзел шматлікія кансакраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай
улады – начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Выцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка, старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і яго намеснік Вольга Вялічка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская.
Міхаіл Даніленка і Уладзімір Дранеўскі павіншавалі прысутных са святам, падкрэслілі факт мірнага супрацоўніцтва паміж рознымі канфесіямі ў Беларусі, важнасць ролі Царквы ў выхаванні маладога пакалення.
На заключэнне святой імшы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падзякаваў усім прысутным за сумесную малітву і яшчэ раз падкрэсліў, што Маці Хрыста пражыла жыццё бязгрэшнае і ва ўсе часы была і ёсць прыкладам любові, пакорнасці і чыстага сумлення. Таму і збірае ля свайго прастола людзей, якія ідуць па жыцці з верай, надзеяй і любоўю, просячы ў нябеснай заступніцы прытулку і паратунку сваім надзеям.
Урачыстасць у Браславе стала добрай падставай, каб нагадаць пра тых, каму патрабна дапамога іншых людзей. Парафіяльны і дыяцэзіяльны “Карытас” праводзілі акцыі па зборы сродкаў для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – для дзяцей хворых на анкалогію, мясцовы тэрытарыяльны цэнтр па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва – у падтрымку інвалідаў.
Святочныя мерапрыемствы ўпрыгожылі канцэрт духоўнай музыкі, які адбыўся ў першы святочны дзень, выставы работ мясцовых майстроў народнага клуба “Ля возера” і фотакарцін са свята каранацыі Маці Божай Браслаўскай.

Тамара Пашкевіч.