Знайшлі новую радзіму

Актуальное

Третьяк і ПавлусенкоСумная канстатацыя факта: войны на зямлі не спыняюцца. А значыць, ёсць людзі, якія пакідаюць родныя мясціны і шукаюць прытулак у незнаёмай краіне.
Вось і падзеі на паўднёвым усходзе Украіны прымусілі многіх пакінуць свае дамы і паехаць у Расію і Беларусь. Некаторыя ўкраінцы пасяліліся і на Браслаўшчыне.
Сям’я Трацьяк прыехала з Данецкай вобласці ў канцы сакавіка. Не сталі бацькі чакаць, калі снарады пасыпяцца на галовы іх дзяцей і трэба будзе хавацца ў склепе. За капейкі Таццяна і Раман распрадалі хатнюю жывёлу, пакінулі ўласны дом і маёмасць. Пагрузілі ў машыну толькі неабходнае адзенне, мульціварку і разам з трыма дзецьмі выправіліся ў невядомую дарогу.
— Паколькі ў Расіі і бліжэйшых ад нас раёнах Беларусі, — кажа Таццяна Васільеўна, — украінскіх бежанцаў ужо многа і ўладкавацца там даволі складана, мы вырашылі ехаць падалей.
Пра нашы мясціны яны даведаліся праз інтэрнэт, дзе ўжо загадзя шукалі сабе прытулак. А ў Друйск прыехалі па прапанове адміністрацыі ААТ “Друйскі”. Размясцілася сям’я пакуль што ў невялікім доме. Безумоўна, асаблівага камфорту і ўтульнасці ў ім няма, але галоўнае, што па дарозе не праходзяць калоны разнастайнай ваеннай тэхнікі, не гучаць стрэлы і выбухі. А да восені дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Бялюн абяцаў адрамантаваць для іх лепшы дом.
Дарослыя адразу ўладкаваліся на працу: Таццяна пайшла на ферму даяркай, а Раман — трактарыстам. Старэйшая дачка Саша сёлета скончыла 9-ы клас Друйскай сярэдняй школы, а малодшыя Сняжана і Мікалай ходзяць у мясцовы садзік.
На радзіме, каб трапіць на заняткі, дзяўчыне даводзілася мінаць ваенны блокпост і людзей з аўтаматамі, бо школа знаходзілася на тэрыторыі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, а сям’я жыла на зямлі Украіны. Наперабой расказваюць меншыя дзеці, якая ваенная тэхніка штодзень чарадой праходзіла каля дзіцячага садзіка, ад чаго шкло ў вокнах бразгатала і дзеці баяліся днём спаць.
— Тут нас прынялі вельмі добра, — з удзячнасцю адзначае Т. Трацьяк. — Суседзі прынеслі посуд і адзенне. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла матэрыяльную дапамогу, забяспечыла прадуктамі і палівам, вясной дапамаглі пасадзіць агарод.
Ды і па лініі Чырвонага Крыжа сям’я атрымала ваўчары на адзенне на суму 6 млн 750 руб. Праўда, за ёй давялося ехаць у Віцебск, але ж падтрымка значная.
А вось сям’і Паўлусенкаў з г. Першамайска Луганскай вобласці жахі вайны давялося адчуць на сабе ў поўнай меры.
Добра памятае Таццяна той летні дзень, калі пачалі бамбіць горад. Яна была на рабоце. Працавала жанчына інжынерам на пошце. Пры першых выбухах пабегла дахаты, дзе быў яе сямігадовы сын з бабуляй. Больш на работу Т. Паўлусенка не вярнулася.
— Першамайск ператварыўся ў разваліны, — успамінае жанчына. — Калі раздаваўся доўгі гудок, усе беглі ў бомбасховішча. Многія дабегчы не паспявалі і забітымі ляжалі на зямлі па некалькі дзён. Прадуктаў не хапала, чацвярцінку хлеба выдавалі толькі жанчынам і дзецям.
З дрыготкай у голасе расказвала Таццяна пра іншыя жахі вайны. Склеп каля ўласнага дома давялося перабудаваць у сховішча. Там стаялі ложкі, заўсёды была вада, аптэчка з рознымі медыкаментамі, свечкі.
Калі аднойчы марознай ноччу зноў прыйшлося хавацца ад бамбёжкі, гэта стала апошняй кропляй. Раніцай яны пакідалі ў машыну самае неабходнае і паехалі да сваякоў, дзе была электрычнасць і інтэрнэт. Праз сацыяльныя сеткі, як і сям’я Трацьяк, звязаліся з адміністрацыяй ААТ “Друйскі” і з радасцю прынялі запрашэнне.
Трое сутак дабіралася сям’я Паўлусенкаў да нашай гасціннай Браслаўшчыны. У Друйску іх сустрэла інспектар па кадрах мясцовага сельгаспрадпрыемства Надзея Яновіч.
Таццяна і Міхаіл былі прыемна здзіўлены добразычлівасцю і спагадлівасцю адміністрацыі ААТ “Друйскі” і мясцовых жыхароў. Тут іх ужо чакаў прыбраны дом, нават печка была працеплена. Паклапацілася Н. Яновіч і пра харчовыя запасы для гаротнікаў.
За паўгода Паўлусенкі паспелі крыху абжыцца, завялі невялікую гаспадарку, наладжваюць свой быт. Міхаіл працуе трактарыстам, Таццяне даверылі 46 кароў, палова з якіх маладыя цялушкі. Безумоўна, спачатку ёй было вельмі цяжка, цяпер крыху прызвычаілася.
— Кожны дзень, — кажа жанчына, — любуюся ўсходам сонца і слухаю цішыню. Якое гэта шчасце — не чуць стрэлаў, не баяцца за жыццё свайго дзіцяці.
Сын скончыў 2-і клас Друйскай школы, дзе яму вельмі падабаецца. З задавальненнем хлопчык вывучаў беларускую мову, бо на радзіму сям’я вяртацца не збіраецца. Радуецца ён і магчымасці свабодна бегаць па ваколіцы. Толькі, калі пралятаюць самалёты, Міша яшчэ пужаецца.
Абедзве сям’і задаволены сваім новым месцам для жыцця, удзячны гасцінным і прыветлівым суседзям. Адно толькі іх засмучае — сумныя навіны з радзімы і жах за родных.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.