“Жывое неба Браслава” зноў запаліць свае агні

Власть и общество

IMG_0651 (Small)Зусім нядаўна адгучалі гукі народных інструментаў, а Браслаў зноў рыхтуецца да новага музычнага мерапрыемства. Трэці раз у самым сэрцы горада — на Замкавай гары — 11 ліпеня пройдзе фестываль рок-музыкі “Жывое неба Браслава”. Чым парадуе нас фестываль сёлета, карэспандэнт газеты Алена Пятушка пацікавілася ў аднаго з яго арганізатараў Сяргея Садоўскага.
— У цэлым арганізацыйная работа ўжо завершана — паведаміў С. Садоўскі. — Працуе афіцыйны сайт фестывалю, у сацыяльных сетках ёсць інфармацыя пра групы, якія прыедуць выступаць, дасягнуты дамоўленасці пра падтрымку фестывалю з шэрагам партнёраў. На жаль, сёлета мы не здолелі знайсці спонсараў сярод буйных беларускіх брэндаў, таму фестываль зноў пройдзе ў фармаце аднаго дня.
Прыняць удзел у канцэрце пажадалі каля 80 груп, і не толькі з Беларусі, заяўкі паступалі з Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. Але выступаць будуць толькі 14 беларускіх калектываў, сярод якіх і ўпадабаныя гледачамі летась, прыедуць і новыя госці.
На правах гаспадароў фестывалю апошняй выступіць са сваёй праграмай браслаўская група “С-4” у новым складзе. Дарэчы, тэкст і музыку да песень творчыя музыканты пішуць самі.
Апрача самога канцэрта, расказаў С. Садоўскі, плануецца кірмаш народных майстроў, дзе можна будзе прыдбаць сабе сувенір на памяць, атракцыёны для дзяцей, press-wall, дзе кожны жадаючы здолее сфатаграфавацца з любой групай, будуць кропкі гандлю і харчавання. Уначы, пасля заканчэння асноўнай праграмы, запланавана дыскатэка з удзелам браслаўскіх ды-джэяў і гасцей фестывалю аж да 4 гадзін раніцы. Прыемным сюрпрызам для гледачоў стануць і рэкламныя гульні.
Безумоўна, такі фестываль — яшчэ адна добрая магчымасць прыцягнуць увагу да нашай прыгожай Браслаўшчыны.