Запрашаем у музей

Актуальное

Вытоки (Small)“У будучыню мы ўваходзім, абапіраючыся на мінулае”, — сцвярджаў класік беларускай літаратуры У. Караткевіч. Ён верыў у тое, што яго нашчадкі зберагуць і захаваюць славутую багатую гісторыю і культуру сваёй роднай зямлі.
Калі вы неабыякавыя да мінулага сваіх родных мясцін, калі жадаеце дакрануцца да гісторыі, наведайце адноўлены краязнаўчы музей “Вытокі” Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Адкрыццё музея прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі і святу Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У рэканструкцыі музея прынялі ўдзел навучэнцы і ўсе работнікі каледжа: будаўнікі, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, адміністрацыя. Вялікі ўклад унёс асабіста дырэктар Відзаўскага каледжа Міхаіл Смірноў. Ніхто не застаўся абыякавым, таму што немагчыма быць раўнадушным да памяці мінулых пакаленняў, да іх вялікай культурнай спадчыны.
Вы пераканаецеся, што музей – сапраўдная скарбніца гісторыі г.п. Відзы і ўсяго Браслаўскага раёна. Створаны яшчэ ў 2004 годзе, зараз музей набыў новы сучасны выгляд дзякуючы высокаму ўзроўню рэстаўрацыйных работ, у выніку якіх пашырылася агульная плошча музея.
Калекцыі музея вельмі разнастайныя, прадстаўлены экспазіцыі па тэмах: “Археалагічныя знаходкі ў наваколлях Відзаў”, “Тамаш Ваўжэцкі і гісторыя маёнтка Відзы-Лаўчынскія”, “Роля яўрэйскага насельніцтва ў развіцці г.п.Відзы”, “Мусульмане ў Відзах і іх культура”, “Відзаўскія татары”, “Вайна 1812 года на тэрыторыі г.п.Відзы”, “Падзеі Першай сусветнай вайны ў Відзах”, “Відзы ў час Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя станаўлення прафесійнай адукацыі Браслаўшчыны”.
У выніку даследчай і пошукавай дзейнасці навучэнцаў і выкладчыкаў фонды музея значна папоўніліся: пашырыліся матэрыялы музейных экспазіцый, набыты многія ўнікальныя экспанаты, дакументы і фотаздымкі. Вось толькі некалькі пошукавых адкрыццяў, зробленых да 70-годдзя Перамогі: устаноўлены асобы пяці Герояў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел у вызваленні Відзаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, знойдзены фотаздымкі герояў і матэрыялы пра іх подзвігі; сабраны і сістэматызаваны матэрыялы пра ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны; створаны летапіс гісторыі медыцынскай службы партызанскай брыгады “Спартак”; знойдзены новыя факты трагедыі яўрэйскага народа на тэрыторыі Відзаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гонарам музея з’яўляецца ўнікальная калекцыя этнаграфічнага матэрыялу “Беларуская хатка”, дзякуючы якому можна акунуцца ў быт нашых продкаў, пазнаёміцца з іх рамёствамі і традыцыямі, адчуць сувязь пакаленняў і яшчэ раз зразумець, што мы жывём дзякуючы працы, сіле рук і розуму тых, хто жыў да нас.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць музей “Вытокі” Відзаўскага ДПТК. Мы ўпэўнены, што музей у хуткім часе стане візітнай карткай не толькі гэтай навучальнай установы і г.п. Відзы, але і ўсяго Браслаўскага раёна.

Кажанеўская Ала,
выкладчык і загадчык музея.