З рук таленавітага майстра

Актуальное

МаланаўСупрацоўніцтва таленавітых і зацікаўленых людзей заўсёды дае станоўчы вынік. Яскравае таму пацвярджэнне — творчы саюз і сяброўскія адносіны супрацоўнікаў Слабодкаўскай бібліятэкі і нядаўняга жыхара гэтай вёсцы Барыса Маланава.
Барыс Аляксандравіч — цікавы неардынарны чалавек, толькі год пастаянна жыве ў Слабодцы. Але за невялікі час, дзякуючы свайму майстэрству, ён дапамог ахоўнікам скарбніцы кніг пашырыць экспазіцыю этнаграфічнага кутка, аформіць памяшканне бібліятэкі цікавымі ўласнымі вырабамі.
Нават цяжка пералічыць усе рознабаковыя здольнасці Б. Маланава.
З захапленнем разглядаю вялікі двухпавярховы лялечны домік, які ўпрыгожвае дзіцячую залу бібліятэкі. Вось адчыняюцца дзверы, і перад вачыма паўстае незвычайны свет, дзе жыве дружная сям’я лялек. Акуратна і арыгінальна аформлены пакоі ў казачным доміку, кожны з іх мае свой непаўторны стыль, абсталяваны прыгожай лялечнай мэбляй.
Таму не дзіўна, як адзначыла бібліятэкар Марына Васілеўская, што ў маленькіх наведвальнікаў ад зачараванасці вочкі загараюцца яскравымі агеньчыкамі, і дзеці з радасцю акунаюцца ў прыдуманую самімі чароўную казку.
Гэты домік Б. Маланаў зрабіў некалі для сваёй унучкі, але дзяўчынка вырасла і жыве ўжо рэальным жыццём. Таму зараз у слабодкаўскай дзятвы ёсць добрая магчымасць пагуляць з незвычайнай цацкай.
Трэба сказаць, што ў мясцовай бібліятэцы даволі багаты этнаграфічны куток. Аднак кожная цікавая рэч, якая дапаўняе экспазіцыю, вельмі радуе супрацоўнікаў. Таму з удзячнасцю і задавальненнем прынялі яны арыгінальныя экспанаты, якія Барыс Аляксандравіч знайшоў на гарышчы дома, што купіў у Слабодцы некалькі гадоў таму назад. Несумненна, і прыгожая карціна, і крэсла, і люстэрка патрабавалі беражлівай рэстаўрацыі. Але ж яны трапілі ў рукі таленавітага чалавека і праз некаторы час набылі новае жыццё.
А ў чытальнай зале горда развяваюцца ветразі ў мадэлях разнастайных караблёў. Пры іх стварэнні Барыс Аляксандравіч улічвае кожную дробную дэталь, ні на крок не адступае ад сапраўднага прататыпа. Безумоўна, гэта складаная і карпатлівая праца, якая патрабуе вытрымкі і ўседлівасці.
— Любоў да мора, — кажа Б. Маланаў, — зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, калі маленькім хлапчуком пускаў вясной караблікі па талых ручаінах.
А было гэта далёка ад нашых мясцін, аж на Паволжы. У Гродна сям’я пераехала ў 1956 годзе. Тут Барыс Аляксандравіч скончыў сярэднюю школу, медінстытут. Потым працаваў урачом-рэнтгенолагам. Аднойчы ён прыехаў адпачыць на Браслаўшчыну і захапіўся нашымі мясцінамі.
Акрамя шматлікіх здольнасцей, Б. Маланаў яшчэ і цікавы гаваркі суразмоўца. За невялікі час сустрэчы ён расказаў нямала ўражальных эпізодаў са свайго жыцця, якое было вельмі насычаным і бурным.
Так, многа розных людзей апошнім часам пераехалі на нашу гасцінную Браслаўшчыну. Хтосьці вырваўся са штодзённай мітусні вялікага горада і цешыцца спакоем. Але як добра, што сярод іх ёсць дзейныя творчыя асобы, якія імкнуцца падзяліцца сваімі талентамі і здольнасцямі з мясцовымі жыхарамі. Несумненна, такая сувязь дае магчымасць пашырыць свой кругагляд і даведацца пра штосьці новае.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.