У пятніцу, 3 ліпеня, работнікі Дзяржаўтаінспекцыі адзначалі сваё прафесійнае свята…

Актуальное

БоровикУ пятніцу, 3 ліпеня, работнікі Дзяржаўтаінспекцыі адзначалі сваё прафесійнае свята. І, як заўсёды, пераважная большасць з іх несла службу на дарогах, бо інспектары кругласутачна стаяць на варце нашага спакою, падтрымліваючы правапарадак і дарожную бяспеку вакол нас.
Падчас рэйдаў па бяспецы руху неаднаразова даводзілася працаваць разам з дзяржаўтаінспектарам аддзялення ДАІ РАУС старшым лейтэнантам міліцыі Анатолем Баравіком.
Анатоль Казіміравіч — чалавек сціплы, нешматслоўны, дзейнічае заўсёды дакладна, адказна, скрупулёзна, добра ведае заканадаўчую базу і ўвогуле, на мой погляд, поўнасцю адпавядае вобразу сапраўднага міліцыянера. Хоць, трэба адзначыць, што Анатоль адносна нядаўна прыйшоў на службу ў аддзел унутраных спраў. Пасля школы ён прайшоў усе ступені навучання — ад вучылішча да акадэміі. Працаваў галоўным інжынерам у СВК “Іказнь”, майстрам у ДРБУ-142, галоўным механікам на торфабрыкетным заводзе, а ў лістападзе 2012 года разам з калегам і сябрам Алегам Мількевічам падалі дакументы ў МУС. Прайшлі падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры міністэрства і цяпер разам працуюць у аддзяленні ДАІ. Падчас гутаркі з Анатолем разумею, што служба яго ў міліцыі — не выпадковасць.
— Яшчэ хлопцам марыў насіць форму, каб дапамагаць людзям, быць на варце закона і парадку, абараняць Радзіму, — кажа малады чалавек. — Яшчэ ў 2003 г. спрабаваў уладкавацца ў міліцыю, але тады нешта “не зраслося”. Цяпер жа магу сказаць, што служыць у экіпажы ДАІ — задача няпростая: плаваючы графік, начныя дзяжурствы. Часта маеш справу з незадаволенымі, а бывае нават агрэсіўнымі вадзіцелямі. Але, нягледзячы на напружанасць работы, я, як і многія мае калегі, яе люблю, – прызнаецца Анатоль Баравік.
У час размовы з ім даведваюся, што рэдка, але бываюць і цікавыя, нават камічныя выпадкі ў практыцы ахоўнікаў дарог.
— Нядаўна, напрыклад, — расказвае Анатоль, — мы стаялі на пасту ў горадзе. Да нас падышоў вадзіцель легкавога аўтамабіля, працягнуў дакументы і папрасіў аштрафаваць яго. Мы з напарнікам пераглянуліся і спыталі, што здарылася. Аказалася, што аўтамабіль не прайшоў тэхагляд.
— Усё роўна пападуся, — патлумачыў парушальнік. — Магу паўсвету аб’ехаць, а ў Браславе абавязкова пападуся. Дык лепш сам здамся.
Адпусціць, безумоўна мы яго не маглі, хаця шчыра кажучы, хацелася. Таму чэсны вадзіцель атрымаў штраф і запомніўся нам на ўсё жыццё.
— А нярэдка ад парушальнікаў даводзіцца чуць, што супрацоўнікі ДАІ — нячулыя людзі, — працягвае міліцыянер, — не хочуць разумець, што здзейсніць парушэнне вымусілі нейкімія жыццёвыя акалічнасці. Відавочна, жыццё нельга падпарадкаваць толькі правілам, розныя сітуацыі здараюцца, і мы, безумоўна, улічваем усе акалічнасці таго ці іншага парушэння. Аднак не варта забываць: міліцыянеры выконваюць свой галоўны абавязак — забяспечваюць парадак, спакой. І для мяне гонар займацца гэтай пачэснай, справай.
Старшы лейтэнант міліцыі, што гаворыць работа дзяржаўтаінспектара, акрамя адказнасці, патрабуе добрай фізічнай падрыхтоўкі, ведання закона, валодання сабой, стабільнасці псіхалагічнага духу.
— За невялікі тэрмін маёй службы ў міліцыі бачыў шмат ДТЗ, у якіх калечыліся і гінулі людзі. Адно з іх аднойчы здарылася на маіх вачах — расказвае Анатоль. — Пры лабавым сутыкненні з аўтамабіля праз шкло вылецеў вадзіцель і на месцы загінуў. Такое не забываецца. Убачыўшы падобную карціну аднойчы, поўнасцю пераацаніў сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, — мой суразмоўца крыху задумаўся і працягнуў. — Чалавек можа прывыкнуць да фізічных нагрузак, але кожны раз, калі бачыш трупы і пакалечаных удзельнікаў дарожнага руху, цябе ахутвае жах. Цяпер я стаў сам больш акуратным, стрыманым вадзіцелям, гэтаму вучу і ўсіх сваіх сяброў, блізкіх і знаёмых людзей.
Сапраўдная аддушына пры такой напружанай рабоце для Анатоля Баравіка — жонка Вольга і любімая дачушка Кацярына. Пяцігадовая Каця, дарэчы, поўнасцю падтрымлівае татава захапленне рыбалкай, і, па словах Анатоля, ён цяпер кожны раз з яшчэ большым задавальненнем бярэ вуду ў рукі, каб парыбачыць і добра правесці час у кампаніі з дачушкай.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.