Трайны поспех

Власть и общество

тройной успехБраслаўчане Юрый і Глеб Шакелі, Генрых Дзямітка і Андрэй Леўша паўдзельнічалі ў спаборніцтвах па горным веласіпедзе ў дысцыпліне марафон крос-кантры “Дудуткі”. І вярнуліся з узнагародамі.
Веламарафон “Дудуткі” з’яўляецца аматарскім мерапрыемствам і карыстаецца попытам у веласіпедыстаў. Ён адбываецца побач з музейным комплексам “Дудуткі”. Траса пралягае па жывапісных і прыгожых мясцінах з разнастайным пакрыццём — ад асфальту да тарфяніку, з пад’ёмамі і спускамі. Аднак складанасці не палохаюць аматараў веласпорту. Так, на гэты раз на спаборніцтвы сабраліся больш за сто чалавек. У залежнасці ад узросту і працягласці дыстанцыі ўдзельнікаў размеркавалі на некалькі груп. Пры гэтым веласіпедысты самі выбіралі, ехаць ім паўмарафон (35 км) ці марафон (70 км).
Браслаўчане Г. Шакель і Г. Дзямітка ўдзельнічалі ў паўмарафоне. Глеб стаў першым у катэгорыі мужчыны-падлеткі, а Генрых — мужчыны-эліта плюс. Юрый Шакель і Андрэй Леўша заяўляліся ў марафон. У выніку Ю. Шакель паказаў лепшы вынік у катэгорыі мужчыны-супермайстары. А. Леўша хоць не аказаўся на п’едыстале, але таксама паказаў нядрэнны вынік. Трэба адзначыць, што ён упершыню спрабаваў сябе на такой дыстанцыі. Добрыя вынікі не выпадковыя. Кожны тыдзень яны здзяйсняюць велавандроўкі, трэніруюцца на вынослівасць, часам праязджаючы ў дзень да сотні кіламетраў па раёне.
Сваім трайным поспехам браслаўскія аматары веласпорту ганарацца. Яны запрашаюць усіх далучацца да іх, весці актыўны лад жыцця і займацца спортам. Веласіпедысты з Браслава шукаюць аднадумцаў, стварылі сваю суполку ў інтэрнэце, дзе размяшчаюць анонсы і навіны пра веласпорт, выкладаюць фотаздымкі са спаборніцтваў, адкрыты да супрацоўніцтва.
Наперадзе мужчын чакаюць новыя веламарафоны ў Гродна “Суседзі” і на фестывалі “Viva Braslav”. Магчыма, нехта пажадае далучыцца да браслаўскай веласуполкі і паспрабаваць сябе ў веласпорце.

Алена Набеева.