Сямейнае свята ў музеі

Власть и общество

КірмашЧарговы кірмаш рамёстваў “Шчаслівыя разам”, які прайшоў у мінулую нядзелю на пляцоўцы каля музея традыцыйнай культуры, быў прысвечаны Дню сям’і, каханню і вернасці, што адзначаецца 8 ліпеня па праваслаўнам календары На гэтым мерапрыемстве ўшаноўвалі творчыя сем’і браслаўскіх майстроў.
Свята пачалося з выступлення таленавітых спявачак — Алы Камінскай, Кацярыны Рудзь і настаўніцы спеваў СШ № 2 Аксаны Дзярук.
Нельга не сказаць некалькі слоў пра маладое дараванне Алу Камінскую. Яе прыгожы моцны голас, заварожваючы і захапляючы ўсіх прысутных, узносіўся ўвысь і пранікаў у сэрца слухачоў. І не дзіўна, бо дзяўчына з’яўляецца навучэнкай аддзялення акадэмічнага вакала Маладзечанскага музычнага каледжа. Хочацца спадзявацца, што на нашай цудоўнай браслаўскай зямлі нарадзілася будучая зорка высокага палёту, якую некалі разгледзела А. Дзярук.
Больш за 25 гадоў пры браслаўскім музейным аб’яднанні працуе клуб майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў “Ля возера”. За гэты час змянілася не адно іх пакаленне. І вельмі важна, што да справы бацькоў з ахвотай далучаюцца дзеці. Несумненна, гэта найлепшая магчымасць зберагчы нашы народныя традыцыі.
Вось і на конкурс самай творчай сям’і, які праходзіў падчас кірмашу, свае цудоўныя вырабы прадставілі 11 сямей. Спачатку вядучая мерапрыемства Наталля Парахневіч пазнаёміла прысутных з разнастайнымі захапленнямі ўсіх удзельнікаў конкурсу. А журы ў гэты час разглядала прадстаўленыя вырабы. Пасля падвядзення вынікаў дыплом “Самай творчай сям’і” ўручылі Пучынскім. І не без падстаў, бо ў гэтай вялікай сям’і не толькі маці Алена захоплена мастацтвам, а і ўсе пяцёра яе дзяцей таксама акунуліся ў цудоўны свет народнага майстэрства.
Гледачы ж сваю сімпатыю выказалі майстрам саломапляцення Марыі і Святлане Шлабун.
Праходзілі падчас свята народных рамёстваў і майстар-класы. Як заўсёды, большасць жадаючых таўпілася каля ганчарнага круга Ларысы Дарафейчык, многія з іх спрабавалі зрабіць невялікія гліняныя вырабы.
Для маленькіх гледачоў ладзілася прадстаўленне лялечнага тэатра “Батлейка”. Аднак вясёлыя народныя інтэрмедыі выклікалі смех і ў дарослых.
Надышоў час і для забаўляльных гульняў. З задавальненнем браслаўчане і госці горада прайшлі “школу выжывання”, “лавілі” з кошыка рыбу, вучыліся плесці паясы.
Напрыканцы свята сваім спевам парадаваў слухачоў неардынарны браслаўскі музыкант Руслан Лабуць.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.Кірмаш2 Кірмаш3