Спакойных дзяжурстваў і сухіх рукавоў

Актуальное

Спакойных дзяжурстваўМенавіта такія пажаданні ў мінулую пятніцу часцей за ўсё гучалі са сцэны РЦК у адрас супрацоўнікаў Браслаўскага падраздзялення па надзвычайных сітуацыях. Напярэдадні Дня пажарнай службы, які адзначаўся ў нашай краіне 25 ліпеня, амаль увесь калектыў РАНС, за выключэннем тых, хто ў гэты дзень застаўся на варце нашага спакою, сабраўся разам, каб адзначыць сваё прафесійнае свята. Падзяліць святочны настрой прыйшлі таксама родныя і сябры — надзейны тыл і падтрымка. Атмасфера была шчырая, добразычлівая і святочная.
На ўрачыстае святкаванне завітаў і намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Пліско. Ён з прывітальным словам звярнуўся да сённяшніх агняборцаў, ветэранаў пажарнай службы, іх блізкіх. Таксама пажадаў поспехаў, здароўя, дабрабыту і ўручыў ганаровыя граматы райвыканкама лепшым супрацоўнікам РАНС.
Да свайго прафесійнага свята браслаўскія выратавальнікі падышлі з добрымі вынікамі. Так, колькасць пажараў у раёне ў параўнанні з мінулым годам паменшылася ў два разы, не дапушчана росту гібелі людзей у агні. Як падкрэсліў начальнік РАНС Сяргей Сачыўка, усё гэта вынік прафесійнай і самаадданай работы супрацоўнікаў аддзела, многія з якіх за апошні час не раз былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Ён падзякаваў усім калегам і ўручыў падарункі і граматы лепшым з лепшых, якія з’яўляюцца прыкладам для сваіх саслужыўцаў — Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення МНС пажарнаму ПАВП №15 Аляксандру Чанчыну, грамату гэтай жа структуры вадзіцелю ПАВЧ №1 Канстанціну Туронку, а таксама падзяку абласнога аддзялення ветэранаў МНС Вячаславу Вышаткевічу.
Асобныя словы прагучалі і ў адрас ветэранаў пажарнай службы. А старшыня ветэранскай арганізацыі РАНС “Выратавальнік” Вячаслаў Вышаткевіч узгадаў гісторыю развіцця РАНС, яго лепшых супрацоўнікаў і ад імя ветэранаў павіншаваў усіх са святам.
Шмат шчырых слоў гучала са сцэны ў адрас віноўнікаў урачыстасці. А свае лепшыя канцэртныя нумары і святочны настрой падарылі ўсім артысты РЦК.

Тэкст і фота Таццяны Пятушка.