Сапраўдны спартыўны паход

Власть и общество

БАЙДАРКИШэсць дзён працягваўся байдарачны паход школьнікаў пад кіраўніцтвам настаўніка СШ № 2 Аляксея Салака. Іх маршрут пралягаў праз раку Друйку і азёры Дрывяты, Цно, Неспіш, Дзерба, Недрава. Па цячэнні ракі яны дайшлі да Друі і вярнуліся назад супраць цячэння. Агульная працягласць шляху склала 120 кіламетраў.
Як спяваецца ў адной з песень “у природы нет плохой погоды — каждая погода благодать”, так і ў браслаўскіх турыстаў няма дрэннага часу для паходаў. Зімой яны адпраўляюцца ў лыжныя, вясной і восенню — у пешыя і веласіпедныя, а лета лічыцца самым спрыяльным часам для водных паходаў. Тым больш што жывём мы ў краі блакітных азёр і рэк, дзе можна скласці шмат цікавых маршрутаў. Таму пры абмеркаванні чарговага паходу ў вучняў СШ № 2 са сваім настаўнікам А. Салаком нават не ўзнікла пытання, якім ён будзе. Да сябе ў кампанію было вырашана запрасіць некалькі хлопцаў і дзяўчат з Ахрэмаўскай, Мількаўскай школ і настаўніка СШ № 2 Міхаіла Шакеля. Так сабралася 12 чалавек.
— Група падабралася моцная, ва ўсіх дзяцей па некалькі паходаў за плячыма, у тым ліку і водных. Таму ўзнікла жаданне сплавіцца па рацэ Друйка, а пасля прайсці яе супраць цячэння, — расказвае Аляксей Салак. — Так, гэта складана, аднак мы верылі, што задуманае ў нас атрымаецца. Папярэдне трэніраваліся на Дрывятах, вучыліся строіцца ў калону, адпрацоўвалі правілы бяспекі і інш.
Маршрут, які абралі турысты, іх кіраўніку добра знаёмы. Некалькі гадоў таму назад ён ужо вадзіў па ім групу. Кожны дзень яны праходзілі па 20-25 кіламетраў, а вечарам адпачывалі ля вогнішча, каб раніцай з новымі сіламі пакараць водныя прасторы. І калі сплаўляцца па цячэнні было больш-менш камфортна, то вяртанне назад патрабавала шмат энергіі і нават сілы волі. Атрымаўся сапраўдны спартыўны паход, а не проста прагулка на байдарках.
— Друйка заўсёды славілася сваімі цікавымі паваротамі і парогамі. Падчас існавання СССР нават арганізоўвалі спаборніцтвы па сплаве на ёй. Зараз рака месцамі зарасла, часам прыходзілася прапілоўваць дарогу, разбіраць завалы, аднак усё роўна цячэнне хуткае. Патрэбна шмат сіл і ўмення, каб справіцца з кіраваннем і не перакуліцца. Трэба адзначыць, што ў нас такіх выпадкаў не было. Усе трымаліся годна, не скардзіліся на цяжкасці, нават дзяўчынкі, — падзяліўся ўражаннямі кіраўнік групы.
Аднак аматарам “проста адпачыць і пакатацца на лодачках” паўтараць гэты маршрут без папярэдняй падрыхтоўкі Аляксей Салак не раіць. Увогуле іх водны паход можна аднесці да першай ступені складанасці, а яны, як вядома, загартоўваюць. Невядома куды адправяцца школьнікі ў наступны раз, але з такім вопытным кіраўніком ім любыя цяжкасці па сіле.

Алена Набеева.
Фота аўтара.