Песня, якая ўсхваляе наш край

Актуальное
OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Браслаўшчына – маляўнічы край, які заварожвае сваімі краявідамі. Таму не дзіўна, што сотні людзей імкнуцца наведаць нашы мясціны, каб адпачыць і набрацца ўражанняў. Браслаўскія пейзажы пастаянна натхняюць мастакоў, паэтаў і кампазітараў. У выніку з’яўляюцца карціны, вершы, песні, у якіх усхваляецца прыгажосць нашага краю.
Браслаўчане таксама выказваюць сваю любоў да роднага куточка праз творчасць. Так, на гала-канцэрце “Браслаўскія зарніцы-2015” у выкананні трыа Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры ў складзе Таццяны Крот, Мікалая Красоўскага і Леаніда Лаўрыновіча прагучала песня “Браслаўшчына”. Меладычная, з пранікнёнымі словамі, яна спадабалася гледачам, пра што сведчылі шчырыя апладысменты. Захацелася даведацца пра гісторыю яе ўзнікнення.
Як расказаў аўтар, акампаніятар Ахрэмаўскага ЦНК Леанід Лаўрыновіч, песня была напісана яшчэ ў 2012 годзе. Аднак год праляжала ў нататках. Упершыню прагучала яна на абласным фестывалі “На зямлі святой Сафіі”, які праходзіў у Полацку ў 2013 годзе, і была адзначана дыпломам. Тады выконвала яе Таццяна Крот. Пасля Л. Лаўрыновіч крыху перапрацаваў песню, расклаў на мужчынскую і жаночую партыі і разам з салістамі цэнтра прэзентаваў  на раённым аглядзе-конкурсе, дзе яна была заўважана і ацэнена спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. З таго часу песня атрымала новае жыццё. “Браслаўшчына” неаднаразова гучала з раённай сцэны падчас розных мерапрыемстваў. Выкарыстоўвалі яе і ў якасці музычнага суправаджэння відэароліка пра Браслаўскі раён.
Напярэдадні сёлетніх “Браслаўскіх зарніц” песню запісалі ў Мінску на студыі гуказапісу. Дапамагаў апрацоўваць і рабіў аранжыроўку ўладальнік Нацыянальнай музычнай прэміі, адзін з лепшых айчынных кампазітараў і аранжыроўшчыкаў Святаслаў Пазняк.
А нядаўна Л. Лаўрыновіч прадставіў песню “Браслаўшчына” на свяце самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў” у Лёзна, дзе атрымаў дыплом “За збэражэнне традыцыйнай музычнай культуры”.
Няхай жа нашы мясцовыя творцы будуць і надалей праслаўляць Браслаўшчыну, а іх творы будуць прыносіць нам задавальненне і пачуццё гонару за землякоў!

Алена Набеева.