Палатак рознакаляровых рад у лесе

Актуальное

ТурслётНа стаянцы “Окменіца” 26 — 27 чэрвеня адбыўся традыцыйны раённы турыстычны злёт моладзі. У ім прынялі ўдзел 8 каманд, якія прадстаўлялі АТП №18, СВК “Маяк Браслаўскі”, ЦРБ, райпа, хлебазавод, Браслаўскі філіял Глыбоцкага МКК, Відзаўскі каледж і “Браслаў-камунальнік”. Арганізатары прысвяцілі турзлёт Году моладзі і адпаведнаму святу, якое адзначалася ў нядзелю, 28 чэрвеня.
За ўсе гады існавання гэтыя спаборніцтвы выйшлі за рамкі звыклага для турыста ладу жыцця — вогнішча з палаткамі наўкол, спартыўныя выпрабаванні і конкурс мастацкай самадзейнасці. Цяпер, без перабольшвання, гэта сапраўдны турыстычны фестываль, дзе кожная каманда імкнецца не толькі перамагчы на спецыяльнай паласе перашкод, але і здзівіць сапернікаў бытавымі ўмовамі ў палатачным лагеры, канцэртнымі нумарамі, стравамі і інш. Для гэтага і падрыхтоўка да турзлёту пачынаецца загадзя, бо трэба прадумаць усё да дробязей.
Арганізатары, аддзел адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама і райкам БРСМ, на гэты раз спланавалі праграму турзлёту такой дынамічнай, насычанай рознымі заданнямі, што кожную хвіліну адбывалася што-небудзь цікавае.
Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця, вітання камандаў і жараб’ёўкі пачаліся спаборніцтвы па тэхніцы веласіпеднага турызму. Як аказалася, віртуозна валодаць рулём веласіпеда не так ужо і проста, асабліва калі пад коламі не асфальтавае пакрыццё. Потым спартыўнае дзейства перамясцілася на валейбольную пляцоўку, дзе эмоцыі балельшчыкаў і ігракоў узрасталі з кожным ударам па мячы. Аднак самым складаным выпрабаваннем у гэты дзень было праходжанне турыстычнай паласы перашкод. Тут камандам было не да жартаў, бо пераадоленне турпаласы патрабавала канцэнтрацыі сіл, уменняў і навыкаў. Адны толькі “маятнік” і “васьмёрка” выклікалі шквал эмоцый у удзельнікаў. Трэба адзначыць, што ўсе каманды годна справіліся з гэтымі складанымі турыстычнымі заданнямі.
Расслабіцца і адпачыць удзельнікам турзлёту можна было падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці. На што толькі не ішлі каманды, каб здзівіць прысутных і журы сваёй арыгінальнасцю ў падачы нумароў. Напрыклад, зборная ЦРБ выставіла на конкурс дзяўчат у вясельных уборах, відзаўчане пераапранулі мужчын у жанчын, а “Маяк Браслаўскі” прадэманстраваў прыёмы усходніх адзінаборстваў. Не менш цікава падыходзілі каманды і да абароны конкурснай стравы — шашлыку. Скончыўся першы дзень дыскатэкай для ўсіх каманд.
Другі дзень спаборніцтваў распачаўся з агульнай зарадкі, працягнуўся конкурсам бодзі-арт і жартоўнай эстафетай. Падчас іх хапала і гумару, і смеху. Аднак пакуль удзельнікі турзлёту ў ходзе гэтых іспытаў зараджаліся энергіяй і станоўчымі эмоцыямі, судзейскай калегіі неабходна было падлічваць балы і вызначаць пераможцу. Але ўжо па папярэдніх пратаколах каманды здагадваліся, хто будзе мацнейшым.
Падчас урачыстага закрыцця турзлёту начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч падзякаваў усім за ўдзел і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Так, першае месца заняла каманда “Браслаў-камунальнік”, другое — ЦРБ, а трэцімі сталі прадстаўнікі СВК “Маяк Браслаўскі”. Былі адзначаны пераможцы і ў асобных конкурсах.
Турзлёт — 2015 пакінуў пасля сябе добрыя эмоцыі, зарад пазітыўнасці, а ўражаннямі пра яго ўдзельнікі будуць яшчэ доўга дзяліцца ў сваіх арганізацыях.

Алена Набеева.
Фота аўтара.