Падмурак будучыні — у эканоміцы

Актуальное

Пра вынікі 7-й сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, разгледжаныя падчас сесіі пытанні, пра праведзеную за першае паўгоддзе работу ў Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе №29 расказвае дэпутат Парламента Мечыслаў Морхат:
— Сёмая сесія Палаты прадстаўнікоў завяршыла сваю работу 30 чэрвеня. Яна адзначалася шэрагам важных палітычных падзей, ключавым з якіх, безумоўна, стала Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту. Яго базавы тэзіс, што менавіта ў эканоміцы гарантыя нашай незалежнасці, залог і падмурак будучыні, лёг у аснову нашай заканадаўчай дзейнасці. У ходзе сесіі разгледжана 90 законапраектаў, звыш 60 якіх — у другім чытанні.
На сесіі знайшлі сваё адлюстраванне інавацыйныя падыходы да развіцця сельскай гаспадаркі і будаўнічай сферы. Значнае месца было адведзена экалагічнай праблематыцы, эфектыўнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, пытанням прамысловай бяспекі, лесакарыстання, энергетыкі, гандлю і грамадскага харчавання.
Аднак стан спраў у эканоміцы перш за ўсё залежыць ад самога чалавека, яго ініцыятывы і адносін да працы. Менавіта гэтым прадыктаваны прынятыя намі меры па стымуляванні дзелавой актыўнасці і аптымізацыі працоўных адносін. З улікам няпростай эканамічнай сітуацыі асаблівы акцэнт быў зроблены на развіццё рынку працы, занятасці насельніцтва, прыцягненне ў Беларусь кваліфікаваных спецыялістаў.
Вялікі пакет разгледжаных законапраектаў звязаны з удасканаленнем сфер аховы здароўя і адукацыі, пенсіённага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, фізкультуры і спорту. Вырашэнне гэтых пытанняў у сучасных умовах запатрабавала асаблівай адказнасці, паколькі менавіта ўзровень аказання медыцынскіх, адукацыйных і іншых сацыяльных паслуг з’яўляецца крытэрыем якасці жыцця.
У ходзе сесіі пачата работа над праектам Кодэкса аб культуры. У прэзідэнцкім Законе «Аб барацьбе з карупцыяй» замацавана новая форма процідзеяння карупцыі — грамадскі кантроль. Менавіта так, усім разам, трэба змагацца з гэтым злом, якое наносіць шкоду эканоміцы і падрывае давер грамадзян да ўлады. Закон «Аб амністыі» закліканы даць грамадзянам, якія спатыкнуліся, але сталі на шлях выпраўлення, магчымасць пачаць новае жыццё.
У гэты дзень парламентарыямі прынята найважнейшае палітычнае рашэнне — назначана дата выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што дзякуючы вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі выбарчая кампанія пройдзе дэмакратычна, у адпаведнасці з законам.
Ніводнае пытанне не пакінута без увагі
Акрамя дэпутацкай дзейнасці непасрэдна ў Парламенце, пільную ўвагу ўдзяляю працы ў выбарчай акрузе. За першае паўгоддзе ў Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе №29 было арганізавана 6 прыёмаў грамадзян, праведзена 17 сустрэч у працоўных калектывах, 54 чалавекі прыняты ў час асабістага прыёму, разгледжаны ўсе вусныя і пісьмовыя звароты.
Падчас працы ў акрузе па-ранейшаму стараюся не пакідаць без увагі ніводнае пытанне, якое патрабуе майго садзейнічання. За гэты перыяд былі накіраваны дэпутацкія звароты як у мясцовыя выканаўчыя органы, іх службы, так і міністэрствы для вырашэння пытання па сутнасці. Так, у Міністэрства працы і сацабароны накіраваны дэпутацкі зварот аб пераглядзе ўстаноўленага памеру пенсіі за асаблівыя заслугі; у Міністэрства ўнутраных спраў — аб павышэнні пенсіі пенсіянерам Узброеных Сіл; у Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі — аб закрыцці аддзяленняў Белпошты; двойчы — у Беларусбанк і намесніку Прэм’ер-міністра — аб індэксацыі ўкладаў насельніцтва за перыяд з 2008 г. па снежань 2014 г. і ўвядзенні платы за ажыццяўленне плацяжоў з выкарыстаннем грашовых сродкаў у касах аддзяленняў Беларусбанка. На ўсе пытанні грамадзяне атрымалі грунтоўныя адказы з тлумачэннямі.
Пытанні, з якімі звярнуліся грамадзяне Браслаўскага раёна, датычыліся ўзаконьвання права ўласнасці на гаспадарчыя пабудовы жыхарамі агр. Опса, якасці пітной вады, несвоечасовай выплаты зарплаты, добраўпарадкавання могілак, грэйдзіравання дарогі, асвятлення вуліц, выразкі аварыйных дрэў, кантролю адстрэлу дзікоў, закрыцця аддзялення паштовай сувязі. Пытанне аб ўзаконьванні права ўласнасці на гаспабудовы жыхарамі агр. Опса па вул. Маладзёжнай узята на кантроль.
Аналіз сітуацыі на месцах, прамы кантакт з выбаршчыкамі дазваляе яшчэ раз убачыць наспелыя праблемы, намеціць іх вырашэнне. Вядома, без разумення і падтрымкі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, кіраўніцтва райвыканкамаў, райсаветаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый вырашэнне многіх праблем жыхароў было б складаным, бо менавіта кіраўнік любога рангу адказвае за падначаленых яму людзей, іх сацыяльнае становішча.
Паважаныя выбаршчыкі! Дзякуй вам за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю, прынцыповасць, за вашы ўзнятыя пытанні. Моцнага вам здароўя, дабрабыту, шчасця і веры ў дабро.