Любую справу выканае выдатна

Люди

Э.ПяткевічЗараз усе сілы гаспадарак раёна сканцэнтраваны на корманарыхтоўцы. Лідарам жа не першую нядзелю з’яўляецца СВК “Маяк Браслаўскі”. Гэта не выпадкова, бо ў кааператыве за столькі гадоў выпрацавалі свой зладжаны механізм дзеянняў, які і дазваляе дасягаць высокіх вынікаў і быць сярод лепшых. У ліку перадавікоў корманарыхтоўкі і працаўнікі гаспадаркі. Адзін з іх — вопытны механізатар Эдуард Пяткевіч. Дарэчы, па стане на 6 ліпеня ён нарыхтаваў 6707 тон зялёнай масы на ўмоўны камбайн і з’яўляўся лідарам у раёне.
У гэтыя спякотныя дзянькі знайсці Эдуарда Пяткевіча, каб пагутарыць з ім пра перамогі, магчыма толькі на полі. З раніцы да позняга вечара ён заняты на сваім камбайне “Ягуар”. Заўсёды ў добрым настроі і з усмешкай, ён адразу прызнаецца, што не лічыць свае заслугі чымсьці асаблівым. Ніякіх подзвігаў — толькі належныя адносіны да справы, да даручэнняў кіраўніцтва гаспадаркі. І, як мне здаецца, вопыт, бо Эдуард Баляслававіч працуе ў гаспадарцы больш за 30 гадоў.
Мае меркаванні пацвярджае Валянціна Таўкінь, галоўны аграном СВК “Маяк Браслаўскі”. Па яе словах, Эдуард Пяткевіч працалюбівы і адказны, а яшчэ адзін з самых вопытных работнікаў сельскагаспадарчай арганізацыі. У любой даверанай яму справе паказвае толькі лепшыя вынікі.
І гэта не выпадкова, бо з дзяцінства ён прывык да працы на зямлі, у сельскагаспадарчай галіне працавала і маці Эдуарда. Яшчэ шасцікласнікам ён прыйшоў на працу ў калгас, спачатку выконваў розныя дробныя работы, потым стаў памочнікам камбайнера. Таму пасля школы не стаў шукаць лепшай долі ў чужых краях, для сябе вырашыў, што праца на роднай зямлі — справа ганаровая і адказная і пайшоў вучыцца ў тагачаснае Відзаўскае СПТВ.
З вясны і позняй восенню механізатар працуе на бульдозеры, а на лета перасаджваецца на корманарыхтоўчы камбайн. На гэтай тэхніцы Э. Пяткевіч працуе з 1983 года. Работа ў яго руках спорыцца, а тэхніка “падпарадкоўваецца” бездакорна. Тры гады таму назад яму, як аднаму з лепшых работнікаў, далі новы “Ягуар”.
— Вядома ж на новай тэхніцы працаваць зручней. А калі камбайн добры ды травы багата, то і лідарам стаць не так і складана, — усміхаецца Э. Пяткевіч.
У залежнасці ад поля, на якім ён працуе, у дзень вопытны механізатар можа нарыхтаваць да 600 тон.
Эдуард Баляслававіч лічыць, што многае залежыць ад каманды, якая працуе разам з ім, наколькі хутка механізатары будуць адвозіць зялёную масу. Увогуле ж расслабляцца няма часу, бо ад таго, як спрацуюць на “зялёным жніве”, будуць залежаць жывёлагадоўчыя поспехі гаспадаркі ў зімова-стойлавы перыяд.
— Эдуарда Пяткевіча кантраляваць ніколі не трэба. Даручаную справу ён заўсёды выканае якасна, без заўваг. Калі добрай тэхнікай кіруе адказны чалавек, то справы пойдуць хутка. Ён ніколі не падводзіў кіраўніцтва прадпрыемства. Калегі таксама паважаюць яго за спагадлівасць і добразычлівасць. Калектыў ганарыцца такімі працаўнікамі, — дадала напрыканцы размовы Валянціна Таўкінь.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.