Ключ да гармоніі

Актуальное

новіцкаяТэмп сучаснага жыцця вельмі высокі, і цяжар нагрузак можа прывесці да стрэсаў і душэўнага разладу. І шчаслівы той, хто знайшоў для сябе цікавае захапленне, якое адчыняе дзверы ў прыемны і спакойны свет гармоніі. Менавіта такі і стварыла для сябе Алена Навіцкая ва ўласным доме ў Даньках.
Карэнная мінчанка, яна з першага разу захапілася цудоўнымі мясцінамі Браслаўшчыны, калі яшчэ студэнткай сталічнага інстытута замежных моў прыехала да сяброўкі адпачыць.
— Асабліва мяне ўразіла, — узгадвае Алена Уладзіміраўна, — возера Дрывяты, і з таго часу кожны год абавязкова сюды наведваюся, бо менавіта тут чэрпаю энергію і атрымліваю супакаенне.
З дзяцінства Алена ўсвядоміла, што дасягнуць мэты магчыма толькі настойлівасцю і працаздольнасцю. Тым больш што перад вачыма быў красамоўны прыклад бацькоў, якія мелі навуковыя ступені, былі вядомымі і паважанымі вучонымі.
Гэтыя якасці, ды яшчэ напорыстасць і мэтанакіраванасць, а разам з імі і шчаслівы выпадак дапамаглі Алене ў “ліхія” 90-я стаць ад нямецкай буйной фірмы “Somfy” старшынёй групы маргетынгу краін Усходняй Еўропы. Безумоўна, работа прэстыжная і цікавая. Давялося працаваць у Германіі, Канадзе, Францыі, Італіі.
Праз некаторы час, калі ў Беларусі пачалі развівацца рыначныя адносіны, А. Навіцкая ў якасці кансультанта дапамагала наладжваць сістэму маркетынгу і збыту для розных прадпрыемстваў. А яны былі сапраўды розныя: і лакафарбавая, і швейная вытворчасці, і станцыя тэхнічнага абслугоўвання, і Гомельскі ліфтарамонтны завод. Перш чым правесці іншых па блытаных маркетынгавых шляхах, яна спачатку сама дасканала вывучала вытворчы працэс прадпрыемства, перакладала з нямецкай мовы тэхнічныя каталогі.
Дарэчы, імя Алены Навіцкай унесена ў кнігу ганаровых гасцей г. Ферсмальд у Германіі.
Пры гэтай кругаверці любоў і цяга да нашых мясцін ніколькі не патухла і не зменшылася. Таму 12 таму гадоў назад яна разам з мужам набыла ў Даньках домік, хоць у Мінску вялікая кватэра, а пад сталіцай добрая дача.
На жаль, праз некалькі гадоў пасля пакупкі муж Алены Уладзіміраўны пакінуў гэты свет. Знайсці душэўную раўнавагу ўдаве дапамагла падтрымка родных, сяброў і супакойваючыя абдымкі браслаўскай прыроды. А з выхадам на пенсію ўвогуле перасялілася ў свой невялікі, але такі светлы і ўтульны домік.
Дзейны чалавек заўсёды знойдзе сабе цікавы занятак і ключ для душэўнай гармоніі. Знайшла яго і А. Навіцкая. І сваю нястомную энергію скіравала ў творчае рэчышча.
— Галоўнае для мяне, — кажа Алена Уладзіміраўна, — развівацца і вучыцца да апошняга дня. Адпачынак толькі для медытацыі, каб сабраць усе думкі разам.
За кароткі час жанчына асвоіла тэхніку аб’ёмнага дэкупажу, дэкупажу па тканіне, навучылася ўпрыгожваць інтэр’ерныя бутэлькі ў тэхніцы сіцылійскіх карункаў і шыць дэкаратыўныя бранзалеты-манжэты ў стылі боха-шык. На творчыя ідэі яе натхняе маляўнічая прырода Браслаўшчыны.
Для апісання цудоўных рэчаў заўсёды вельмі складана знайсці патрэбныя словы, бо ўсе яны здаюцца нейкімі простымі і будзённымі.
Але ж нельга не сказаць, што вырабы А. Навіцкай здзіўляюць і заварожваюць сваёй прыгажосцю, арыгінальнасцю, непаўторнасцю. Да стварэння цэласнага вобраза кожная дэталь прадумана да дробязей.
Да таго ж Алена Уладзіміраўна ў сваіх работах выкарыстоўвае цудоўныя браслаўскія матывы, сама распрацавала арыгінальны брэнд і сімвал Браслава, якія вельмі трапна падкрэсліваюць сутнасць нашага краю. Каля сваёй хаты майстрыха адкрыла крамку, дзе можна набыць яе вырабы. Нават і тут адчуваецца рука прафесіянала па маркетынгу.
Збірае А. Навіцкая малавядомыя гісторыі, легенды пра гістарычных асоб і паходжанне назваў вёсак Браслаўшчыны. Марыць праводзіць і майстар-класы для турыстаў.
Шмат яшчэ цікавых задум у гэтай творчай жанчыны. Прыветная, адкрытая для зносін з іншымі, яна рада падзяліцца сваімі ведамі, навыкамі і ўмельствам з зацікаўленымі гаспадарамі сядзіб і сумуючымі іншы раз адпачываючымі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.