І зноў “ЖЫВОЕ НЕБА БРАСЛАВА” запаліла агні

Власть и общество

жЫВОЕ НЕБАМоцныя гукі жывой рок-блюз-музыкі разносіліся ў мінулую суботу над Замкавай гарой, дзе прайшоў трэці фестываль “Жывое неба Браслава”, а затым начная дыскатэка.
Несумненна, такому маштабнаму і дынамічнаму мерапрыемству папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка. Таму натхніцелю фестывалю і барабаншчыку групы “Сі-4” Сяргею Садоўскаму давялося прыкласці максімум намаганняў, каб сёлетняе музычнае свята прайшло на высокім узроўні. І трэба сказаць, што ў яго гэта атрымалася. Істотную дапамогу аказалі сталічныя і браслаўскія спонсары.
Адразу кінулася ў вочы высакаякасная музычная апаратура на сцэне, ды і спецэфекты ў выглядзе дыму і святла стваралі ўражанне таямнічасці і касмічнасці. Паклапаціліся арганізатары і пра дах над галавой музыкантаў, як аказалася, зусім не дарэмна.
У пачатку мерапрыемства С. Садоўскі прывітаў кожную групу, уручыў ім дыпломы
ўдзельнікаў і невялікія сувеніры браслаўскага майстра па гліне Руслана Лабуця.
Першай на сцэну паднялася самая маладая спявачка — 14-гадовая Ксенія Азніева. Далей дзесяць калектываў з Беларусі зараджалі драйвам публіку, сярод якой былі не толькі браслаўчане, а і госці з розных гарадоў нашай краіны, а таксама Расіі, Літвы і Латвіі. Многія з іх прыехалі спецыяльна на гэтае яркае відовішча. Нават дождж, які наслала нябесная канцылярыя, не надта астудзіў запал прысутных.
Браслаў прадстаўляла група “Сі-4”. Удзельнічаў у фестывалі і лідар “Leisver” Сяргей Бараноўскі, які з’яўляецца ўдзельнікам інтэрнэт-трыа гітарыстаў. Разам з Аляксандрам Вялікасельскім з Масквы і Алегам Хамутовым з Мінска музыканты запаўнялі канект-паўзы. Нягледзячы на тое, што яны жывуць у розных гарадах, сучасныя тэхналогіі ­дазваляюць ім праводзіць рэпетыцыі ў рэжыме анлайн.
Членам групы “Сі–4” у гэтым плане намнога лягчэй, бо ўсе яны мясцовыя жыхары. Творчыя крэатыўныя музыканты Сяргей Садоўскі, Сяргей Конан, Аляксандр Янушкевіч, Міхаіл Каламыцаў і Мікалай Сцяпанаў (на здымку) часта збіраюцца разам, пішуць новыя песні і атрымліваюць задавальненне ад сваіх музычных сустрэч.
На ролю вядучага фестывалю арганізатары запрасілі арыгінальнага і харызматычнага шоумэна Івана Вабішчэвіча (Дядзя Ваня). Безумоўна, яго гумар, абаяльнасць і прафесіяналізм надалі канцэрту асаблівую разыначку. Ды і ад паклоннікаў у Івана не было адбою — многія жадалі з ім сфатаграфавацца і ўзяць аўтограф.
У час нашай размовы Дядзя Ваня адзначыў, што фестываль “Жывое неба Браслава” арганізаваны на высокім узроўні. А паколькі мерапрыемстваў такога напрамку ў нашай краіне не надта многа, ён пажадаў браслаўскаму фестывалю далейшага развіцця і працвітання.
У хвіліны канект-паўз паміж выступленнямі груп С. Садоўскі і І. Вабішчэвіч праводзілі з прысутнымі забаўляльныя конкурсы і віктарыны. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі сонечнага колеру бейсболку і майку з лагатыпам фестывалю, а таксама пітную ваду ад аднаго са спонсараў — ААТ “Лідскае піва”.
Усю ноч працавалі некалькі летніх кафэ нашага райпа. Хочацца адзначыць добрую падрыхтоўку браслаўскіх кааператараў да мерапрыемства. Асартымент вырабаў і напіткаў быў вельмі багаты і разнастайны: смажанкі, піцы, здоба, шашлыкі, бліны, салаты, усяго і не пералічыш. Таму наталіць голад ці смагу, а таксама падзарадзіць сваю энергію магчымасць была ў самага прыдзірлівага пакупніка.
Пакуль бацькі слухалі канцэрт, дзеці з задавальненнем бегалі па Замкавай гары, ласаваліся салодкай ватай, бавіліся на разнастайных атракцыёнах.
А ноччу рок-фестываль “Жывое неба Браслава”, які аб’яднаў вакол сябе аматараў добрай жывой музыкі, плаўна перайшоў у дыскатэку.

АЛЕНА ПЯТУШКА.
Фота аўтара.