І аднавясковец, і старэйшына

Актуальное

капустаЖыхар вёскі Гірэйшы Вацлаў Капуста свой сярод аднавяскоўцаў. Тут нарадзіўся і вырас, стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей. Тут крок за крокам ішоў да сваёй прафесіі — галоўнага інжынера КУСП “Відзаўскі”. Спачатку закончыў тагачаснае Відзаўскае ПТВ, затым прадоўжыў адукацыю ў Гарадоцкім сельгастэхнікуме, пазней атрымаў і дыплом аб вышэйшай адукацыі ў Вялікалуцкім сельгасінстытуце. Дзе б і на якой пасадзе ні працаваў, усё рабіў сумленна і шчыра. Нават калі бачыў, што нехта з вяскоўцаў не спраўляўся са сваімі абавязкамі ці парушаў працоўную дысцыпліну, стараўся напачатку пагаварыць, а не рубіць з пляча. За гэта і паважалі Вацлава Капусту — калектыве за справядлівасць, патрабавальнасць, але апраўданую. Магчыма, таму і абралі яго сваім старэйшынам.
Сем гадоў як В. Капуста знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ён ніколі не парушаў сувязі з былымі калегамі па працы, стараўся, калі звярталіся, дапамагчы па меры сваіх сіл і вяскоўцам. Калі былая старэйшына Гірэйшаў і Грытун Марыя Хадасевіч змяніла са сваёй сям’ёй месцажыхарства, мясцовыя жыхары прапанавалі на гэту грамадскую пасаду Вацлава Капусту. І не шкадуюць.
Нават за непрацяглы час яму давялося дапамагчы ў вырашэнні праблем вяскоўцаў са здачай цялят, устаноўцы кантэйнераў для смецця. Ён дапамагаў мясцовай уладзе весці падворны абход домаўладання, улік жывёлы, што ўтрымліваецца на асабістых падвор’ях. А нядаўна да яго як спецыяліста звярнуліся з просьбай разабрацца, у чым праблема перабояў вады. Ён асабіста высветліў прычыну, паломку водаправода ўдалося ліквідаваць, і цяпер нараканняў у вяскоўцаў няма.
Такая грамадская нагрузка не абцяжарвае Вацлава Капусту. Шчыра прызнаецца, што на пенсіі з’явілася шмат вольнага часу раней, не хапала іншы раз простых зносін з людзьмі, а на пасадзе старэйшыны ўсё гэта цяпер з задавальненнем кампенсуе.
З аднаго боку, без справы не сядзіць, а з другога – адчувае сябе патрэбным. А гэта многага варта для чалавека на заслужаным адпачынку.
Яго жонка Алена Капуста – загадчыца Гірэйшанскага ФАПа. Разам яны больш за 40 гадоў, паставілі на ногі дзвюх дачок і сына, цяпер падрастаюць шасцёра ўнукаў. Сям’я Капустаў ўмее быць удзячнай за людскую спагаду і дабрыню. Калі здарылася няшчасце (поўнасцю згарэў іх дом), кожны вясковец, чым мог, дапамог ім перажыць гэту бяду. І цяпер Вацлаў і Алена стараюцца аддзячыць ім за гэта.
У вольны час Вацлаў Капуста любіць пасядзець з вудай, схадзіць у лес па грыбы. А яшчэ адно з захапленняў гэтага чалавека – садаводства. На яго ўчастку растуць дастаткова рэдкія для нашага рэгіёну грэцкі арэх і фундук, адмысловыя сарты груш.
Аднак самае галоўнае, па прызнанні В. Капусты, гэта быць сярод людзей, разам з імі ў горы і радасці. І тады прызнанне не прымусіць сябе чакаць.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.