Экалагічнае выхаванне школьнікаў працягваецца

Актуальное

летняя занятасцьПрыемна адзначыць, што на тэрыторыі нашага раёна, дзякуючы ініцыятыве супрацоўнікаў Цэнтра экалагічных рашэнняў, актыўна ажыцяўляюцца разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.
Вось і на мінулым тыдні на базе Відзаўскай сярэдняй школы прайшоў фестываль па гэтай тэме. Як паведаміла метадыст навукова-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская, у ім прынялі ўдзел 65 навучэнцаў, якія наведваюць аздараўленчыя лагеры эколага-біялагічнай накіраванасці і 11 педагогаў Відзаўскай, Кансталінскай і Опсаўскай школ.
Напярэдадні фестывалю прайшла інтэрактыўная гульня “Знайдзі старую тэхніку!”, падчас якой школьнікі даведаліся, чаму так неабходна здаваць старую тэхніку ў спецыяльныя пункты, раздалі жыхарам населеных пунктаў Відзы, Опса, Пагошча і Кансталіна лістоўкі з адрасамі гэтых пунктаў на тэрыторыі нашага раёна, сабралі заяўкі на вываз буйной бытавой тэхнікі. Каманда ад кожнай школы вельмі творча і арыгінальна прадставіла вынікі гэтай гульні. Але ж пераможцамі сталі юныя эколагі з Відзаўскай сярэдняй школы.
Таксама ў рамках фестывалю, адзначыла К. Сайкоўская, супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў правялі цікавую і пазнавальную тэматычную прэзентацыю, затым усе ўдзельнікі адправіліся на аглядную экскурсію “Відзы — цудоўны населены пункт”.
Забаўляльна і адначасова карысна прайшлі гульні “Падарожжа па краіне электронікі”, “Сартыроўка адходаў”.
Адным словам, у гэты дзень школьнікі яшчэ раз пераканаліся, што наша зямля не звалка для смецця і яе трэба берагчы.

Алена Пятушка.