Дзень духоўнай культуры прайшоў у школьным лагеры

Актуальное

IMG_9617 (Small)Па-рознаму праводзяць дзеці летнія канікулы: адны адкрываюць для сябе новыя краіны, іншыя адпачываюць у вёсцы, а хтосьці наведвае школьны лагер. Вось і ў СШ №1 пачалася чарговая змена ў лагеры працы і адпачынку “Шанс”, у якім можна і выдатна правесці з сябрамі час, і грошай зарабіць. Вучні 8 — 9 класаў рупліва працуюць на добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі, дапамагаюць рамантаваць класныя кабінеты. А педагогі стараюцца, каб падлеткі праводзілі вольны ад працы час змястоўна, з карысцю, і ладзяць шмат цікавых мерапрыемстваў.
Напярэдадні Раства святога Іаана Прадцечы, якое праваслаўныя вернікі святкавалі ў мінулы аўторак, у лагеры прайшоў Дзень духоўнай культуры. У яго межах адбылася сустрэча вучняў з благачынным Браслаўскага благачыння, настаяцелем храма Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэем Анатолем Івановым, які пазнаёміў падлеткаў з гісторыяй свята, узгадаў асноўныя факты з жыцця Іаана Хрысціцеля. Таксама расказаў пра стварэнне царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Браславе, пра абразы, якія знаходзяцца ў храме.
Дзеці не толькі ўважліва слухалі расказ, але і задавалі пытанні. Адбылася змястоўная гутарка, падчас якой яе ўдзельнікі абмеркавалі паняцці граху, пакаяння, закранулі і актуальную тэму выбару будучай прафесіі. Протаіерэй Анатоль на канкрэтных прыкладах патлумачыў значэнне веры ў жыцці людзей і пажадаў, каб учынкі школьнікаў заўсёды адпавядалі Божым запаведзям.

Тэкст і фота Жанны Бялько.