Для задавальнення душы і на радасць карыстальнікам

Актуальное

КаминскиеЧас дэфіцыту даўно мінуў, рынкі перанасычаны таварамі, у тым ліку і разнастацнай сувенірнай прадукцыяй. Але цяпер стала модна мець і эксклюзіўныя рэчы, нават зробленыя пад заказ. А калі вырас попыт, значыць, расце і прапанова.
Вязаць кручком і пруткамі, вышываць, рабіць тапачкі і палавікі з кавалачкаў тканіны, шыць адзенне, касметычкі, а таксама ствараць дзіўныя рэчы ў розных тэхніках — усё гэта ўмее член народнага клуба “Ля возера”  Крысціна Камінская.
На маё пытанне, як з’явілася любоў да рукадзелля, Крысціна Баляславаўна адказваць не спяшалася.
— Ведаеце, — пачала яна, — не магу сказаць, на якім этапе майго жыцця з’явілася цяга да гэтай справы, але зацікаўленасць была заўсёды. Мая мама Леангіна Камінская, якой, дарэчы, 80 гадоў, да гэтага часу вяжа кручком цудоўныя рэчы. Карункі, звязаныя ёю, часта ўпрыгожваюць мае вырабы. Даўней такога выбару адзення не было, а дзяўчынкам заўсёды хацелася прыбірацца, вось мама і шыла для нас прыгожыя сукенкі. Як толькі выдавалася ў яе вольная хвілінка, заўсёды штосьці вязала і мяне навучыла, — кажа Крысціна Баляславаўна. — Яшчэ памятаю, як у школе на ўроках працы вучылі шыць. Чакала іх з нецярпеннем, бо вельмі падабалася. Пазней шыла для сябе, дачушкі, сына, цяпер і ўнукаў “абшываю”. Ведаю іх памеры, перавагі і густ, заўсёды стараюся дагадзіць, парадаваць і, магчыма, нават здзівіць. Родныя з задавальненнем носяць рэчы, што я ствараю для іх. А для мяне гэтая запатрабаванасць блізкімі — шчасце.
Жанчына прызналася, што валодае рознымі тэхнікамі і ўмее шыць многае, але яе сапраўднае захапленне на сённяшні дзень — стварэнне жаночых сумак і касметычак. Першую сваю сумачку пашыла 8 гадоў таму назад. Тады Крысціна Камінская была галоўным бухгалтарам у швейным цэху “Дубрава”, там працавалі прафесіяналы швейнай справы, у іх было чаму павучыцца. Спроба пашыць сумку ўдалася. Усе сяброўкі, знаёмыя рабілі кампліменты і прасілі пашыць што-небудзь падобнае для іх. З таго часу майстрыха гатова была суткамі ствараць новыя мадэлі сумак. Нават раніцай знаходзіла час папрацаваць з іголкай і ніткай, а вечарам зноў вярталася да сваёй любімай справы.
Цяпер Крысціна Камінская на пенсіі, таму можа дазволіць сабе з галавой акунуцца ў рукадзелле.
— Усе людзі глядзяць тэлевізар, а я слухаю, — кажа яна. — Уключу якую-небудзь перадачу або серыял і страчу на машынцы. Усіх герояў любімых фільмаў лёгка па галасах пазнаю.
У адным з пакояў дома Крысціна зрабіла для сябе майстэрню. Там раскладзены ў каробачкі па колерах і па відах стужкі, ніткі, абрэзкі тканіны, гузікі. Усё ляжыць акуратна, на сваіх месцах — адразу бачна, што да любімай справы майстрыха адносіцца сур’ёзна. Тым больш што цяпер хобі прыносіць у сям’ю Камінскіх даход. Крысціна Камінская ўдзельнічае ў кірмашах рамёстваў, што ладзяцца народным клубам “Ля возера”, а таксама прадае свае сумачкі, касметычкі ўсім жадаючым. Трэба адзначыць, што асаблівым попытам яе вырабы карыстаюцца ў мінчан, віцябчан, гасцей з Расіі.
Крысціна Баляславаўна насычае сваё жыццё сустрэчамі з сяброўкамі і такімі ж захопленымі творчасцю і рукадзеллем асобамі, актыўна карыстаецца інтэрнэтам, дзе праглядае майстар-класы, дзеліцца сваімі напрацоўкамі, дэманструе гатовыя вырабы. Але самы галоўны яе клопат і шчасце, як для амаль любой жанчыны, — гэта муж, дзеці і ўнучкі. Пра іх жанчына расказвае з асобай любоўю.
— Усе не так часта збіраемся разам, у кожнага свая сям’я, свае клопаты, — кажа Крысціна Баляславаўна, — але мы стараемся адзначаць сумесна святы, знамянальныя падзеі.
Дарэчы, Святлана — дачка Крысціны Камінскай — таксама любіць рукадзельнічаць. Яна шые, вяжа, прыгожа малюе, вышывае крыжыкам, бісерам, стужкамі, любіць працаваць у тэхніцы дэкупаж, і гэта яшчэ не ўсе яе захапленні. Ужо на працягу некалькіх гадоў Света займаецца пляценнем розных рэчаў з газетных трубачак. Яе работы ведаюць і любяць многія браслаўчане.
— Аднойчы, — расказвае Света, — сяброўка намякнула, што на дзень нараджэння хацела б атрымаць у падарунак кошык, зроблены мною. Я з задавальненнем выканала просьбу. Потым падарыла скрыначку суседцы. Бачыла, што мае вырабы многім падабаюцца. Гэта і натхняла на працу. Спачатку пляла простыя рэчы, потым у інтэрнэце вывучыла больш складаныя методыкі, цяпер сама прыдумваю і формы, і дызайн сваіх вырабаў. Шкада, што дзень маленькі, — з усмешкай кажа мая субяседніца, — усё, што задумала, не заўсёды паспяваю. Сямейныя клопаты аднімаюць увесь час.
У Святланы вялікая дружная сям’я: любімы муж і два сыночкі — пяцігадовы Кірыл і маленькі Мацвей. Зараз Света знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, цэлымі днямі завіхаецца каля любімых мужчын, якія, дарэчы, пастаянна патрабуюць увагі, але ўсё роўна знаходзіць час для любімай справы.
— Часцей за ўсё, — расказвае майстрыха, — саджуся за справу ноччу, калі ўсе хатнія ўжо адпачываюць, а раніцай паказваю створаныя рэчы мужу і сыночкам , яны галоўныя суддзі маіх работ.
Скажу шчыра, рэчы, зробленыя Святланай, прыгожыя, акуратныя, яркія і адмысловыя — бачна, што выкананы з душой.
Вось так з дня ў дзень бабуля, маці і дачка ствараюць эксклюзіўныя рэчы для задавальнення сваёй душы і на радасць карыстальнікам.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.